История Беларуси IX – XVIII веков. Первоисточники. || Фольклор.
Источник: Васілевіч Ул. Беларускі народны каляндар//Паэзія беларускага земляробчага календара. Склад. А.С.Ліс. Мн., 1992. С. 554-612.
(Издание Института искусствоведения, этнографии и фольклора Академии наук БССР.)
Страница в интернете - http://starbel.narod.ru/kalendar.htm
Уладзімір Васілевіч
БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР
Беларускі народны каляндар, які ахоплівае дзень за днём усё гадавое кола, змяшчае ў сабе шматлікія абрады, звычаі, прыкметы, павер'і, прыказкі, праз якія глыбока раскрываецца ўнутраны свет працоўнага чалавека, яго штодзённыя клопаты і спробы разгадаць таямніцы навакольнай прыроды, жыцця і смерці. Шматвяковы вопыт, назапашаны многімі пакаленнямі папярэднікаў, з'яўляўся для земляроба азбукай і граматыкай усяго яго жыцця. Перададзеныя ў спадчыну народныя веды дапамагалі арыентавацца ў з'явах прыроды, ад якіх нярэдка залежаў ураджай — крыніца існавання селяніна, усёй яго сям'і. У працэсе гістарычнага развіцця, дзякуючы пільнаму ўгляданню ў навакольны свет і асэнсаванню безлічных яго форм чалавецтва ў значнай меры навучылася разумець мову прыроды і кіравацца яе падказкамі ў сваіх будзённых справах.
Канкрэтныя дні года і цэлыя перыяды ўспрымаліся селянінам як своеасаблівыя паказчыкі для прыняцця тых ці іншых мер у гаспадарчых справах. Многія з гэтых дзён акружаліся магічнай таямнічасцю, комплексам патрабаванняу, парушэнне якіх ва ўяўленні сялян магло прынесці шмат шкоды. Таму так трывала урасталі карэнні розных прыкмет, вераванняў і прымхаў у свядомасць людзей. Вядома, сёння звесткі, пачэрпнутыя з народнага календара, мала кім бяруцца напавер як непахісныя правілы, рэкамендзцыі. I гэта натуральна, бо на нашых вачах рэзка мяняецца клімат, значна пагаршала апошнім часам экалагічная абстаноўка на ўсей планеце -— і Беларусь не стала тут выключэннем, а хутчэй, наадварот, увабрала, як ні адзін іншы край, сумныя вынікі цывілізацыі. Аднак народны каляндар і цяпер не страціў сваёй каштоўнасці і працягвае выклікаць інтарэс у сучаснікаў як своеасаблівы помнік вуснай творчасці беларускага народа.
Кожны дзень года ў хрысціянскіх календарах (як праваслаўным, так і каталіцкім) быў запоўнены імёнамі святых, прарокаў, апосталаў, пакутнікаў. Не ўсе яны, зразумела, адзначаліся ў будзённым жыцці роўнай увагаю. Адны даты праходзілі зусім непрыкметна; з другімі звязаны паасобныя павер'і, парады выконваць ці, наадварот, не выконваць тую ці іншую працу, трэція шанаваліся як вялікія святы і былі акружаны абавязковымі ўрачыстымі абрадамі.
Беларускі народны каляндар раскрывае перад намі складаны светапогляд беларускага селяніна, яго глыбокае веданне прыроды і любоў да яе, цягавітасць да працы, дэманструе багатыя творчыя здольнасці. невычэрпную фантазію, палёт дапытлівай думкі.
Студзень
Сама назва першага месяца года красамоўна гаворыць пра яго характар: студзень— значыць, сцюдзёны. У гэты час на зямлю прыходзілі моцныя халады («Студзень — году пачатак, зіме — сярэдзіна»), і кожны гаспадар мусіў загадзя падрыхтавацца да суровай пары, каб не выстуджваць хату і не мерзнуць самому. Нярэдка народныя прыкметы падзялялі год на дзве часткі: адна пачыналася з 1 студзеня, другая — з 1 ліпеня. Заўважаючы асаблівасці надвор'я ў пэўны дзень першага паўгоддзя, меркавалі пра надвор'е ў адпаведны дзень другой паловы года. Які-небудзь снежны дзень у студзені нібыта абяцаў роўна праз паўгода абярнуцца дажджлівым і непагодным. Супастаўляліся ў першым і другім паўгоддзях цэлыя месяцы, а то і поры года. Па студзеню меркавалі пра будучую вясну («Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік») і пра лета («Студзень мяце — ліпень залье»). Па характару першага месяца сяляне стараліся вызначыць і набытак, які чакаецца ў агародзе і на полі: «Студзень пагодны — год будзе плодны». Гнілое надвор'е на пачатку года не абяцала ўцехі чалавеку: «Калі ў студзені дажджы — дабра не жджы».
1/19. [Першая лічба тут і далей азначае дату па новаму стылю, другая — па старому стылю. Напрыклад: 1/19 (1 —студзень па н. ст., 19 — снежань па ст. ст.). У адрозненне ад праваслаўных каталіцкія ўрачыстасці адпавядаюць толькі новаму стылю.]. Ілля, Цімафей, Рыгор. Цяпер у гэты дзень мы звыклі адзначаць Новы год. У старым жа календары ён не лічыўся святочным. Цягнучыся з папярэдняга года, апошні свой тыдзень дабываў Піліпаўскі пост. Ен заканчваўся з надыходам урачыстага зімовага перыяду, які на працягу двух тыдняў (з 6 па 19 студзеня) ахоплівае некалькі свят і вядомы ў народзе як Каляды, альбо Коляды.
2/20. Ігнат, Даніла.
3/21. Ульяна, Пятро, Пракоп. Нярэдка народ у каляндарных прыказках, прыкметах імёны святых увязваў з якімі-небудзь сугучнымі дзеяннямі, заняткамі, адпаведнымі пэўнай пары года: «Пракоп па снегу ступае, дарогу капае».
4/22. Настасся, Хвядоцця.
5/23. Павел, Ніфант, Феакціст.
6/24. Аўгіння, Клаўдзія, Мікола. Гістарычнымі карэннямі Каляды ўзыходзяць да старажытных часоў, калі рознымі народамі праводзілася святкаванне зімовага сонцастаяння. З прыходам на нашы землі хрысціянства пачатак Каляд сталі звязваць з Раством Хрыстовым. Напярэдадні Раства сям'я збіралася на перадкалядную вячэру — яна называлася у народзе куццёю, як і абавязковая рытуальная страва — каша з ячных ці іншых якіх круп. Вячэра насіла і больш дакладную назву—першая, вялікая, альбо багатая, куцця. I хаця да вялікага свята старанна рыхтаваліся яшчэ з Піліпаўкі: калолі свіней, рэзалі авечак (у гэтым праяўляліся рэшткі колішняга язычніцкага ахвярадаўства), тым не менш стол быў посны, паколькі разгаўляцца дазвалялася толькі назаўтра. Добра звараная куцця прадказвала ўдалы ўраджай ячменю. Калі сям'я садзілася за стол, гаспадар стукаў у акно і клікаў мароз куццю есці. Гэтак трэба было яго задобрыць, каб ніколі не марозіў пасаджанага ў полі і на агародзе.
За сталом варажылі, выцягваючы з-пад абруса сцябліны пакладзенага папярэдне сена. Доўгая сяннінка нібыта паказвала на высокі лён улетку. Густыя зоркі на небе сведчылі пра вялікі ўраджай хлеба, грыбоў, добры прыплод хатняй жывёлы. Завіруха надавала ўпэўненасці, што добра будуць раіцца пчолы. Калі чарнела з-за адлігі дарога, гэта павінна было значыць, што лета акажацца багатае на чорнае зерне — грэчку.
Каталіцкае свята Трох каралёў.
7/25. Раство Хрыстова. Пасля шматтыднёвага посту, нарэшце, прадстаўлялася доўгачаканая магчымасць паесці ўволю скаромнага. З гэтага дня па сялу пачыналі хадзіць калядоўшчыкі. Пераапранутыя ў цыганоў, казу (нацягвалі вывернуты поўсцю наверх кажух), жорава, кабылу спевакі спыняліся ля кожнага двара ў чаканні, калі гаспадар запросіць іх у хату. Калядоўшчыкі спявалі песні, скакалі пад скрыпачку і бубен. А ў заключэнне выконвалі велічальную песню гаспадарам дома з самымі шчодрымі пажаданнямі:
Добры вечар, пане гаспадару, ой, Каляда, ой, Каляда!
Харошыя маеш ты сыночкі, ой, Каляда, ой, Каляда!
Ой, што ж яны ў цябе робяць? Ой, Каляда, ой, Каляда!
— У святлічцы золата важаць, ой, Каляда, ой, Каляда!
Наважылі трыццаць пудоў і чатыры. ой, Каляда, ой, Каляда!
Тыя трыццаць пану гаспадару аддалі, ой, Каляда, ой, Каляда!
А тыя чатыры нам, каляднічкам і Калядзе, ой, Каляда, ой, Каляда!
У выніку калядоўшчыкі атрымлівалі пачастункі (сала, каўбасу), а таксама грошы. Гэта складвалася ў торбу, якая ад двара да двара рабілася цяжэйшаю. На працягу ўсіх Каляд нельга было нічога ні шыць, ні віць, ні плесці, ні рабіць крывога і колападобнага, ні сячы сякераю (напрыклад, плесці лапці, ставіць агароджы, пячы абаранкі, рабіць закруткі для саней), іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны з'явіцца на свет, абазязкова народзяцца пакалечаныя.
8/26. Сабор Прасвятой Багародзіцы, Яўхім, Кастусь.
9/27. Сцяпан, Хведар.
10/28. Феафіл, Дарафей, Агата, Домна, Ігнат, Міканор.
11/29. Маркел, Марк, Іван, Фадзей.
12/30. Макар, Анісся, Хвядора.
13/31. Язэп, Давыд, Якуб, Малання. Другая куцця напярэдадні старога Новага года. Гэта вячэра не саступала ў раскошы папярэдняй і насіла падобную з ёй назву — «тоўстая» і «шчодрая». У народзе папярэджвалі: «Хто не пячэ бліноў перад Новым годам, у таго не будзе гладкай тлустай жывёлы, асабліва цялят». Шчодрым называўся і сам навагодні вечар, у які дзяўчаты, абраўшы прыгажэйшую, выпраўляліся спяваць шчадроўкі па сялу:
Шчадровачка шчадравала,
Пад акенца падбягала:
— Што ты, цётка, напякла,
Прынясі нам да вакна,
Бо ў нас дзяўчынка маленька,
У яе спаднічка красненька,
Чаботкі храмовы.
Будзьце з празнічкам здаровы!
Абрады, гульні, песні нярэдка паўтараліся з дня ў дзень на працягу ўсіх Каляд. Але, бадай, ніколі за год гэтак, як на Шчадраца, не захаплялася моладзь варажбою. Дзяўчаты абхоплівалі калы ў плоце і былі радыя, калі іх аказвалася ў пару; слухалі пад вокнамі, што скажуць у чыёй-небудзь хаце, і па тым меркавалі, пойдуць яны ў бліжэйшы час замуж ці не; выпякалі штосьці з мукі і кармілі сабаку — чыё першае ён з'есць, тая дзяўчына раней за іншых і замуж пойдзе; выпраўляліся ў хлеў і там у цемры хапалі авечак, а калі трапляўся баран — абавязкова дзеўчыне суджана быць замужам; прыслухоўваліся на двары, адкуль сабака забрэша — адтуль і жаніх з'явіцца і г. д.
14/1. Стары Новы год, Васілле. У навагодніх павер'ях адчуваецца прысутнасць магіі «першага дня». Першы дзень года, праведзены належным чынам, нібыта гарантаваў удачу на ўвесь год. Хто з хатніх жыхароў у самы першы дзень года апярэдзіць астатніх: прынясе са студні вады і ўмыецца — на працягу года будзе рухавы і бадзёры. Калі снег на Новы год падаў з самага ранку, то і ўся зіма прадбачылася снежная. Калі на Васілле вецер дзьмуў з усходу — трэба было чакаць гарачага і сухога лета, калі з поўдня — умеранага, заходні вецер абяцаў мокрае лета, паўночны — халоднае, з градам.
15/2. Серафім, Сільвестр.
16/3. Малахія, Гардзей.
17/4. Засіма, Апанас.
18/5. Міхей, Апалінарыя, Міна, Рыгор. Трэцяя (галодная, посная) куцця. Яна нагадвала папярэднія, аднак лічылася, што той, хто посціць напярэдадні свята Вадохрышча, і ўвесь год не з'есць нічога нячыстага ў стравах. Пасля заканчэння галоднай куцці сена, што ляжала на працягу двух калядных тыдняў, прыбіралася са стала і заносілася каровам, каб палепшыць і паскорыць іх малако, а заадно і засцерагчы ад сурокаў ведзьмы.
19/6. Вадохрышча — апошняе свята каляднага цыкла: «Святое Хрышчэнне — і Калядам прашчэнне». У гэты дзень, калі, згодна з праваслаўным календаром, святкавалася хрышчэнне Ісуса Хрыста, асвячалася вада. Народ верыў у цудадзейную сілу такой вады і выкарыстоўваў пры розных бытавых выпадках і здарэннях: яе давалі выпіць хвораму, ёю апырсквалі новую хату перад тым, як засяліцца, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы; хрышчэнскай вадою асвячалі поле перад сяўбою і труну, перш чым пакласці туды нябожчыка. Дзе-нідзе ў гэты дзень дазвалялася выконваць некаторыя сялянскія работы, забароненыя на працягу ўсіх Каляд. Напрыклад, жанчыны маглі ўжо часаць да гладкасці лён, для таго каб і цяляты вадзіліся гладкія. На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова пачынала паварочваць на лета. У народзе казалі: «Трэшчы не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы — не к Ражству, а к Пятру», маўляў, большых маразоў ужо не будзе. Вадохрышча было днём, па якім арыентаваліся ў вызначэнні будучага надвор'я («На Вадохрышча вельмі сцюдзёна — у жніво вельмі горача»), спрабавалі прадказаць і якасць будучага ўраджаю («На Вадохрышча дзень цёплы — будзе хлеб цёмны»).
20/7. Адзначалася памяць Іаана Хрысціцеля. З раніцы, перад тым як сесці за стол, пілі хрышчэнскую ваду з «Іярдані» (па назве ракі, у якой хрысцілі Ісуса Хрыста, гэтак на Вадохрышча зваліся ўсе мясцовыя рачулкі, адкуль бралася вада для асвячэння). У тых мясцінах, дзе гэты дзень лічыўся святочным, ніякія работы не выконваліся.
21/8. Георгі, Емяльян, Васіліса. У гэты дзень, празваны ў народзе «Па абед Каляда», нібы канчаткова развітваліся са святамі. Да абеду не працавалі, а пасля паўдня ўжо браліся за адкладзеныя заняткі. Свята закончылася. На нейкі час у каляндарнай абраднасці надыходзіў зацішак.
22/9. Піліп, Пятро.
23/10. Рыгор, Маркіян, Феафан.
24/11. Хвядос, Міхаіл,
25/12. Таццяна, Сава. «На Таццяну звычайна бывае мароз. Сонечна — рана прыляцяць птушкі з выраю. Ідзець снег — дажджлівае лета».
26/13. Ярміла, Якуб, Елізар, Пятро.
27/14. Ніна, Язэп.
28/15. Павел, Іван, Прохар, Гаўрыла.
29/16. Максім, Леаніла.
30/17. Антон.
31/18. Апанас, Кірыл. Дзень Апанаса лічыўся паловаю зімы ў дачыненні да назапашанага для хатняй скаціны корму. Калі яго ўжо выкарыстана палова, селяніну можна спакойна чакаць першага веснавога выпасу. Калі ж заставалася меней — трэба было карміць больш ашчадна, паколькі, згодна з народным назіраннем, добра ўкормленая з восені і ў першую палову зімы жывёла, калі і галодная пад весну, усё ж вясны не баіцца. Апанаса называлі абаронцам жывёлы ад маразоў. Беларусы Смаленшчыны называлі Панассе «гусіным святам». Мяцеліца ў гэты дзень, нагадваючы белы пух, нібыта варажыла на тое, што выведзецца багата гусянят. Па надвор'ю вылічвалі пачатак надыходу цяпла і палявога сезона: раз на Апанаса завіруха — трэба чакаць працяглай вясны, з-за якой усе запасы з пуняў павымятаеш. Заканчваўся самы халодны месяц зімы, і народная прыказка папярэджвала: «Хавай нос у Апанасаўскі мароз!»
Люты
На парозе другі месяц года. «Пытаецца люты, ці добра ногі абуты» — гаварыла прыказка. I сапраўды, зіма ў гэту пару звычайна была ў самай сіле. Па стану лютага прадказвалі асаблівасці будучага надвор'я. Калі ў гэтым' месяцы быў востры мароз, зіма павінна працягвацца нядоўга. Як і студзень, люты меў свой адпаведнік у другім паўгоддзі: раз люты востры і сухі, то жнівень — гарачы. Па тым, наколькі высока нападае ў лютым снег, меркавалі пра вышыню травы ўлетку. Народны вопыт дазволіў вывесці калісьці і такое назіранне: які дзень першага лютага (праўда, паводле старога стылю), такімі выдадуцца і апошнія дні месяца.
1/19. Макар, Хведар, Сава, Арсень, Антон.
2/20. Яўхім, Лаўрын, Іна, Рыма. Каталіцкія Грамніцы. «Калі на Яўхіма сонечна ў поўдзень, то гэтак будзе да ранняй вясны. Калі завіруха, то на ўсю Масленіцу завіруха».
3/21. Максім, Яўген, Валяр'ян, Агнія, Настасся.
4/22. Цімафей, Лявонцій, Георгій, Пятро, Гаўрыла, Іван.
5/23. Клімент, Генадзь, Феакціст, Паўлін.
6/24. Ксенія, Герасім. Прападобная Ксенія, якая нібыта дзяліла зіму папалам, звалася ў народзе Аксінняй-паўзіміцай. Кепскае надвор'е ў гэты дзень сведчыла аб працягласці зімы. Як пераконвалі сялянскія назіранні, «калі на Аксінню дарогу перамяце, то і корм падмяце» — г. зн. зіма затрымаецца і хатняя жывёла паесць усе нарыхтаваныя яе запасы.
7/25. Рыгор, Майсей, Фелікс, Піліп, Аляксандр, Віталь.
8/26. Марыя, Аркадзь, Іван, Пятро, Сымон, Язэп, Давыд.
9/27. Іван.
10/28. Яфрэм, Хвядос, Ісак.
11/29. Ігнат, Лаўрын, Герасім, Раман, Якуб, Юльян, Сіліван. Пакутнік Ігнат прыходзіўся на пару, калі зіма была яшчэ ў поўнай сваёй красе. Аднак знаходзячыся, паводле старога календара, на мяжы студзеня і лютага, гэты дзень як быццам падаваў руку пераломнаму святу зімы — Грамніцам: «На святога Ігната зіма багата, а Ігнат — Грамніцам рад».
12/30. Дзень Трох свяціцеляў (Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Залатавуста). Калі мужчыны на Магілёўшчыне і на Усходнім Палессі дазвалялі сабе працаваць «кала двара» і «ўзяць кілішак», то жанчыны адзначалі свята строга: «Нельга жлукціць, нельга праць бялля, нельга прасці».
13/31. Кір, Апанас, Хвядоцця, Мікіта, Нічыпар, Клаўдзій, Віктар.
14/1. Трыфан. Калі начное неба было зорнае — гэта ўспрымалася як паказчык на познюю вясну. Па хатах сяляне рабілі свечкі, таму што назаўтра, у дзень Грамніц, адбывалася іх асвячэнне. Трыфан, які папярэднічае гэтаму святу, называўся ў народзе Грамнічным бацькам.
15/2. Грамніцы, альбо Стрэчанне. Першая назва свята, як мяркуюць, пайшла ад язычніцкага бога Грамоўніка, якому прыпісвалася ўтварэнне веснавых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінна была ўпасці ўлада змрочных бостваў зімы: «На Грамніцы — паўзіміцы» або «Як прыйдуць Грамніцы — скідай рукавіцы». У засеках памяншаўся запас збожжа, і гэты святочны дзень таксама выступаў у гаспадарцы са сваёю меркаю: «Грамніца — хлебу палавіца». Другую назву — Стрэчанне, якая паходзіла ад царкоўнага «Сретенье», народ тлумачыў як сустрэчу зімы з вясною:
А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне,
Зіма з летам стрэлася, стрэлася.
Лета зіму піхнула, піхнула
I ножачку звіхнула, звіхнула.
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы.
Не дзіўна, што гэта пераломнае свята звязана з шэрагам метэаралагічных прыкмет. Найбольш пашыраная з іх выкарыстана ў паэтычнай мініяцюры: «Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап'ецца вадзіцы, то на Юр'я — вол пад'есць травіцы». Калі ж на Грамніцы здараўся вялікі мароз — снег павінен быў праляжаць нядоўга, а вясна і лета не абяцалі нічога добрага. Грамнічная мяцеліца прадказвала, што вясна затрымаецца даўжэй, чым звычайна, у выніку чаго вычарпаюцца запасы корму для жывёлы. Рэзкае пацяпленне надвор'я не давала селяніну разлічваць на прыбытак у полі і на агародзе: «Як на Грамніцы адліга — з ураджаю будзе хвіга». Пры адсутнасці адлігі можна было спадзявацца на пагодлівае, сухое лета. На Беларусі гэта свята знамянальна такім абрадам, як асвячэнне свечак у царкве. Грамнічныя свечкі (або проста «грамніцы») асабліва шанаваліся ў народзе — іх запальвалі з вераю ў дапамогу падчас навальніц, каб маланка не спаліла хату; іх давалі цяжка хвораму ў час канання, каб полымя асвятляла таму шлях на той свет, ачышчала душу ад грахоў. Жыло ў народзе перакананне, што грамнічных свечак баіцца «нячыстая сіла», таму і вешалі іх ля ўваходу ў хлеў ці на стайню, каб, маўляў, ведзьмы не адабралі ў кароў малака і не заездзілі да смерці коней.
16/3. Сымон, Ганна, Мікола, Раман, Адрыян, Аўлас.
17/4. Сідар, Георгій, Кірыл, Аўрам, Мікола.
18/5. Агаф'я (Агата), Хвядос, Макар. Калісьці на Валожыншчыне ў гэты дзень у царкву прыносілі асвячаць хлеб з уторкнутымі драбочкамі солі — лічылася, што ён «памоцны» карове, якой чаплялі яго на рогі, «каб сурокаў не баялася». Пры пажары кідалі гэты хлеб у агонь, каб ён патух, ці ў чыстае поле, каб туды скіраваўся вецер. Такое павер'е замацоўвалася і ў адпаведнай прыказцы: «Соль святой Агаты бароніць ад агню хаты». У гэты, трэці пасля Грамніц, дзень звычайна прыглядаліся да надвор'я: калі надаралася цяпло, то больш ужо вялікіх халадоў не прадбачылася.
19/6. Вукола, Іван, Фоцій, Дарота, Хрысціна, Максім, Мар' фа, Марыя. Імя Вукола блізкае па вымаўленню такому распаўсюджанаму сярод сялян міфічнаму паняццю, як «ваўкалак» — пярэварацень. Гэта сугучнасць і нарадзіла павер'е, нібыта Вукола з'яўляецца ахоўнікам ад ператварэння чалавека ў ваўкалака.
20/7. Пархвен, Лука. Дзень аддання Стрэчання. Калі раптам нечакана загрыміць гром, то ў гэтай з'яве бачылі прарочы знак, што летам прападуць пожні. Гром пад канец Грамніц нібыта папярэджваў сялян магчымай сваёй карай у адказны для земляроба час. Першая серада Вялікага посту — «уступная серада». Дзе-нідзе ў заходняй частцы Беларусі гаспадыні збіраліся на застоллі, весела балявалі і скакалі праз пень, пастаўлены пасярод хаты. Гаварылі, што як хто падскочыць, так высока лён вырасце. Мылі прадметы для прадзіва льну — верацёны і калаўроты. Рабілася гэта хутчэй за ўсё дзеля таго, каб лён улетку вырастаў чысты, без пустазелля.
21/8. Хведар, Захар, Сава.
22/9. Нічыпар, Інакенцій, Панкрат, Генадзь, Маркел. У каталіцкім календары — Пятро. «Калі на Пятра цёпла — зіма працягнецца да Вялікадня».
23/10. Харлам, Парфір, Ганна, Прохар, Валянціна, Паўла.
24/11. Аўлас, Усевалад, Дзмітры. Аўласа народ лічыў апекуном свойскай жывёлы, а яго дзень адпаведна — каровіным ці конскім святам. Вось чаму, не шануючы гэту дату, гаспадар меў небяспеку наклікаць на сваю худобу розную немач. Жывёле трэба было даваць лепшы корм, не працаваць на ёй, але раілася аб'язджаць маладых коней. Даўней на Капыльшчыне стараліся ездзіць на маладых конях як мага далей, па доўгіх дарогах усю ноч, каб на лета доўгі радзіў лён. А каб цяляты раслі здаровыя ды гладкія, гаспадыні пяклі аладкі. Калі Аўлас супадаў з Масленічным (апошнім перад Вялікім постам) тыднем, тады пра гэтага святога гаварылі: «На Аўласа бяры каўшом масла».
25/12. Аляксей, Марыя, Яўген, Антон.
26/13. Зоя, Святлана, Сцяпан, Сымон. Фацінню, якая таксама шанавалася ў гэты дзень, у народзе называлі заступніцай ад трасцы.
27/14. Кірыл, Аўксенцій, Ісак, Міхал, Хведар, Аўрам.
28/15. Анісім, Ефрасіння, Яўсей.
Сакавік
Пра пару, калі зіма павінна саступіць месца вясне, у народзе гаварылі: «Люты вады падпусціць, а сакавік падбярэ». Але надта давярацца лагоднасці першага веснавога месяца было б неабачліва, паколькі зіма ў гэты час яшчэ не здалася: «Марац кусае за палец». Калі зямля зарань вызвалялася з-пад снежнага покрыва і агаляла азіміну ў той час, як прыціскалі маразы, селянін мог разлічваць на небагаты ўраджай: «Калі жыта ў марцы глядзіць на неба, не есці тады хлеба».
1/16. Памфіл, Валент, Павел, Парфір, Ілля, Даніла, Ісай.
2/17. Пакутнік Фёдар Ціран успрымаўся сялянамі як ахоўнік ад злодзеяў. Яму служылі імшу людзі, у якіх што-небудзь было ўкрадзена.
3/18. Леў, Флавіян, Кузьма.
4/19. Архіп, Халімон, Максім, Хвядот, Яўген, Макар, Дасіфей. Згодна ж з каталіцкім календаром, адзначаецца Казімір. Яго імя, зарыфмаванае ў народнай прыкмеце з адпаведным станам прыроды, нібы падводзіла рысу пад панаваннем зімы: «На Казімёра зіма ўмера». «Казімір дровы сячэць, у клады кладзець»,— спявалася ў песні.
5/20. Леў, Агафон, Карніл.
6/21. Цімафей, Астап, Георгій.
7/22. Хведар, Піліп, Апанас.
8/23. Палікарп, Іван, Майсей, Аляксандр.
9/24. Іван, Эразм. Праз тры тыдні і адзін дзень пасля Грамніц значыўся прысвятак Паўраценне, або Абратанне (ад царкоўнага «Обретение» — знаходжанне галавы Іаана Хрысціцеля). Асабліва шанавалі яго пчаляры. Яны заглядвалі ў вуллі і калі знаходзілі («обретали») пчол жывымі, то ўжо не сумняваліся ў паспяховай іх перазімоўцы. На Валожыншчыне слова «паўраценне» тлумачылі тым, што мядзведзь у бярлозе ў гэты дзень паварочваецца на другі бок. «Янавай галавы баіцца зіма» — г. зн. цяпло ўсё больш упэўнена сыходзіць на зямлю.
10/25. Тарас.
11/26. Рыгор, Парфір, Севасцян.
12/27. Пракоп, Ціт.
13/28. Васіль, Марына. «На Васіля-капельніка са стрэх капае». У гэты дзень можна было прасці толькі тую воўну, якую не трэба слініць. Прасці лён і пяньку нельга таму, што, маўляў, можна «адслініць замураваную зіму», у выніку чаго зноў надыдуць зімовыя халады.
(29 лютага ст. ст.— Касьян. Народ гаварыў, што ў яго дурное вока: «Няхай Касьян прыплюшчыць свае вочы і не глядзіць нінавошта». Ды і год высакосны лічыцца цяжкім годам.)
14/1. Дзень Аўдакеі (Яўдокі). Імя святой нярэдка ў народзе гучала таксама і ў мужчынскай форме: «Аўдакей». Радок з валачобнай песні быццам пацвярджае беларускую назву першага веснавога месяца: «Святы Аўдакея сокі збіраець». Да гэтага тэрміну, як правіла, сыходзіў снег, нярэдкім быў і галалёд, таму і зазначана ў прыказцы: «На Яўдокі — голы бокі». На Магілёўшчыне прыкмячалі, што калі ў дзень Аўдакеі «сонца добра свеціць і вол нап'ецца з-пад страхі, то вясна будзе добрая». У іншых мясцовасцях таксама падтрымліваліся падобныя назіранні: «Калі на Аўдакея курыца з-пад страхі нап'ецца, то на Благавешчанне — вол». Розным сваім надвор'ем дыктавала Аўдакея і неаднолькавыя прагнозы на будучае: цёплы дзень варажыў цёплую вясну і лета і асабліва ўдалы сенакос; дождж абяцаў ураджай на жыта; туман — на струковыя расліны; мароз гразіўся прымарозіць грэчку ў час яе цвіцення; рэдкія для гэтае пары завірухі, мяцеліцы прадказвалі вялікі холад на ўвесь год. Дзень Аўдакеі надта не выдзяляўся ў афіцыйным календары, але ў народзе меў рытуальныя правілы. Відаць, святая ва ўяўленні сялян нейкім чынам спрыяла кабетам, таму і вымагала ў гэты дзень ад іх пэўных абмежаванняў у дзеяннях: ім нельга было прасці, а дазвалялася толькі гатовыя ніткі сукаць; рэзаць жа можна было толькі аўчыннымі нажніцамі. Мужчынам на Аўдакею дазвалялася ўсё рабіць. Вельмі рэдка ў якіх мясцінах не працавалі зусім, каб не прагнявіць пакутніцу, якая нібыта «дзержа ў руцэ лета». У гэты ж дзень адзначаліся таксама Нестар, Антаніна, Антон, Маркел. Часам у асобных вёсках праводзілася Гуканне вясны.
Гэй вясна, гэй красна,
Што ты нам вынесла?
Ці сала кусочак?
Ці масла брусочак?
Ці па яечку?
Ці па піражэчку?
Гэй, вясна, гэй красна,
Закідай сані
Ды едзь калёсамі.
14—16/1—4. Па характару гэтых колішніх першых дзён вясны меркавалі пра адпаведнае надвор'е ў наступныя поры года: 1 сакавіка нібыта ўяўляла сабою вясну, 2-га — лета, 3-га — восень і 4-га — зіму.
15/2. Хвядот, Арсень, Агафон. Мяцеліца ў гэты дзень падавала селяніну знак на няўдалы сенакос улетку: «На Хвядота занос — усё сена знясе».
16/3. Яўтропій, Кляонік, Васіліск.
17/4. Герасім, Васіль, Даніла, Павел, Ульяна, Якуб, Вячаслаў, Рыгор, Канстанцыя.
18/5. Хведар, Давыд, Кастусь, Адрыян, Конан, Марк, Іраіда.
19/6. Кастусь, Феафіл, Хведар, Аркадзь. У каталіцкім жа календары — Язэп. Жыхары Вілейскага павета калісьці з гэтым днём звязвалі прылёт бусла. Народная прыказка таксама не абышла знамянальную дату ўвагаю: «Як Язэп кіўне барадою, дык зіма ўцякае ўніз галавою». Наогул жа ясная пагода на Язэпа прыносіла спадзяванні на добры ўраджай. Як вядома, у перыяд пастоў (на які прыпадае і Язэп) існуе афіцыйная забарона на вянчанні. Калі ж такое здаралася, то ў народзе знаходзіла адпаведную ацэнку: «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту».
20/7. Васіль, Яфрэм, Капітон, Яўген, Павел, Емяльян.
21/8. Феафілакт, Лазар, Апанас, Феадарыт, Даміцій.
22/9. Сорак пакутнікаў, або панароднаму Саракі (Соракі). Лічба, што ўваходзіла ў назву свята, шырока абыгрывалася ў павер'ях і абрадавых дзеяннях, якія бытавалі ў гэты дзень. Калі на Саракі здараўся мароз, то меркавалі, што пасля яго адбудзецца яшчэ 40 маразоў. На Саракі сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Раніцай перад усходам сонца хлопчыкі стараліся перакінуць цераз страху 40 трэсак — калі гэта ўдасца, то ўлетку добра будуць ім знаходзіцца птушыныя гнёзды. Свае звычаі былі і ў дзяўчат: яны пераломвалі 40 дошчачак і перарывалі 40 вяровачак і шнуркоў. Прадметы, што пераломваліся і разрываліся, напэўна, павінны сімвалізаваць сабою сілы, якімі была скавана зямля, і выкананне гэтага абраду мела сваёй мэтаю наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. «На Саракі дрэвы адпушчаюцца» — сведчылі народныя назіранні. «На Саракі прыляцелі з-за мора птакі» — падказвалі вясковыя фенолагі і нават удакладнялі: «Прылятае 40 жаўранкаў». (Ці не таму іх прылёт адзначалі гаспадыні, выпякаючы ў гэты дзень для дзяцей 40 жаваранкаў з цеста і кладучы ў адзін з іх «саракоўку» — 20 капеек? Каму яна дастанецца — той будзе шчаслівы.) Надвор'е на Саракі таксама прыцягвала ўвагу чалавека. Калі ад Грамніц да.Саракоў не ішлі дажджы і не псавалася дарога, то летам чакалася засуха. Калі ў гэты дзень на стрэхах ляжаў снег, то на Благавешчанне снег будзе пакрываць усю зямлю, а на Юр'я — асобныя мясціны. Калі на Саракі ўволю нап'ецца вол ад расталых ледзяшоў — значыць, будзе добрая вясна. Зрэшты — яна ўжо стаяла на двары: «Саракі — не суйся блізка да ракі», г. зн. была пара разводдзя. На Усходнім Палессі дзяўчаты хадзілі гукаць вясну на Саракі:
— Жаваранак, ранняя птушачка,
Чаго так рана з выраю вылятаеш?
А там пры даліне — там ляжаць крыгі,
А там пры дарозе — снягі і марозы.
— А я тыя крыгі крыламі разаб'ю,
А я тыя марозы нагамі растапчу.
На Саракі прыладжвалі арэлі і абавязкова гушкаліся — казалі, «каб камары не елі» (Шумілінскі раён).
23/10. Віктар, Леанід, Кіпрыян, Дзяніс, Павел, Нічыпар, Клаўдзій, Васіліса, Ніка, Галіна, Хвядора, Руфіна, Настасся.
24/11. Сафрон, Яўхім.
25/12. Іван, Феафан, Сымон, Рыгор — «На Рыгора зіма ідзе ў мора» (або «ідуць рэкі ў мора»). Цёзка Рыгора паблізу ў календары прысутнічаў 17 сакавіка. У гэту пару, калі «ўдзень плюшчыць, а ўночы трашчыць», г. зн. цяпло чаргуецца з маразамі, «Рыгорава» прыказка адносна таяння снегу і пачатку ледаходу можа адпавядаць і аднаму і другому яго дням. У каталіцкім календары — Благавешчанне.
26/13. Нічыпар, Цярэнцій, Аляксандр, Хрысціна.
27/14. Венядзікт, Расціслаў, Міхал.
28/15. Аляксандр, Дзяніс, Нікандр.
29/16. Савін, Серапіён, Аляксандр, Трахім.
30/17. Аляксей, Макар, Марына. «На Аляксея зіма пацея» — адзначалі ў народзе. Адзінаборства дзвюх пораў года расцягвалася на доўгі перыяд. Вядома ж, у сакавіку ўвесь час «сані з калёсамі сварацца». Пад канец жа месяца, у дзень Аляксея, гаварылася: «рыба — аб лёд, саначкі — аб плот», г. зн. рэкі ўскрываліся, а селянін з саней канчаткова пераходзіў на калёсы. Аляксей настойліва нагадваў земляробу пра набліжэнне палявых работ. Як спявалася ў песнях, «Аляксей лемяшы істрыць, сохі путрыць», «хамуты строіць». Не забыта і рыбалоўства пасля таго, як «лёд пайшоў вадою, а рыба —лускою»: «Аляксей сеці садзіць, лодкі смаліць, рыбу коліць». Дзе-нідзе ў гэты дзень не працавалі, але рыбаловы павінны былі на Аляксея — свайго апекуна — напрасці нітак і сплесці з іх броднік ці якую іншую сетку. Існавала перакананне, што такая прылада, зробленая за адзін дзень, будзе лавіць шмат рыбы.
31/18. Кірыл, Трахім.
Красавік
Нават у другім веснавым месяцы прырода яшчэ захоўвала сляды зімы: «Красавік чорны ў полі, а ў бары — белы». Калі ж вясна здаралася ранняя, дрэвы пачыналі пакрывацца маладымі лісткамі, пасля чаго ўжо гром на зялёнае голле ўспрымаўся ў народзе як паказчык будучых поспехаў у жыцці і гаспадарцы. Пра гэта гаварылася і ў прыкмеце: «У красавіку грымот — цёплы будзе год». Сухі красавік абяцаў, што такі ж будзе і чэрвень, аднак ліпень за ім павінен прыйсці дажджлівы. Пчаляры прыглядаліся: раз не вылецелі ў красавіку пчолы — спадзявайся халадоў, слаты.
1/19. Марыя, Хрысанф, Дар'я, Клаўдзій, Соф'я, Інакенцій.
2/20. Іван, Сяргей, Святлана, Віктар, Анатоль, Параскева, Севасцян, Аляксандра, Клаўдзія, Матруна, Мікіта.
3/21. Якуб, Кірыл, Хама.
4/22. Васіль, Ісак. .
5/23. Нікан, Лідзія, Васіль.
6/24. Захар, Арцём, Сцяпан, Пятро, Якуб. Пярэдадзень вялікага свята Благавешчання. На Віцебшчыне не дазвалялася снаваць кроснаў пад пагрозай, што гэтак можна «заснаваць дождж» на ўсё лета, а ў дадатак будзе хварэць той, хто стане насіць тканіну з такой асновы. У некаторых мясцовасцях калісьці ў гэты дзень адзначалася «свята камаедзіцы» — у гонар мядзведзя. На стол падаваліся адмысловыя раслінныя стравы (з сушанага рэпніку, з аўса), у тым ліку і гарохавыя камы, якія і далі назву святу. Пасля абеду ўсе хатнія клаліся і, не засынаючы, штохвіліны, як мага павольней, перакочваліся з боку на бок, стараючыся нагадаць пераварочванне мядзведзя ў бярлозе. Рабілася гэта дзеля таго, каб мядзведзь абудзіўся ад зімовай спячкі (абуджэнне звязвалі менавіта з днём Благавешчання). Гэтак сустракалі яго з добрымі пажаданнямі, каб не шкодзіў людзям улетку.
7/25. Благавешчанне (Дабравешчанне, Звеставанне). Як і на кожнае свята, на яго забаранялася што б там ні было рабіць: «На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ўе». Праваслаўная царква адзначала зачацце Маці Божай Ісуса Хрыста. У народзе свята мела старажытныя карэнні, яно лічылася днём надыходу вясны. Шмат дзе якраз ад Благавешчання (а ў некаторых мясцовасцях нават раней, у залежнасці ад традыцый і, вядома, ад надвор'я) адбывалася Гуканне вясны.
Дабравешчанніко святое,
Пашлі сонейка залатое,
Каб зямелька адышла
Ды вясна да нас прыйшла,
Каб распусціліся ветачкі,
Каб раскраснеліся кветачкі,
Каб лугі зазелянеліся,
Нашы нівачкі адзеліся.
Дзяўчаты ўсёй вёскі выходзілі куды-небудзь на ўзвышша і спявалі, пакуль не сцямнее, вяснянкі. Прыляталі звонкія галасы і з суседніх вёсак. Сялянам хацелася верыць, што наступны гаспадарчы год, які з гэтага дня пачынаецца, прынясе багаты ўраджай, шчасце ў дом. Часта на Благавешчанне згадвалі птушак. Адны гаварылі, што ў гэты дзень бусел прылятае, другія — што ён кладзе яйка ў гняздо. «Як за тыдзень да Благавешчання прыляціць бусел, то ў свірне на засек трэба дошку накладваць — поўна пашні будзе, добры ўраджай, а як пасля Благавешчання, то трэба знімаць дошкі, бо не засыплеш поўных засекаў». I хаця па вёсках шчыра гукалі вясну, не заўсёды яна з'яўлялася, таму канчаткова развітвацца з зімою было ранавата: «Да Благавешчання зіму не лай і сані трымай». Пасля свята дазвалялася ўрабляць зямлю пад новыя пасевы (да гэтага часу зямля спіць, і чапаць яе няможна). Як спявалася ў народных песнях, «Благавешчанне — араты на ніву... і каня вядзець, і саху нясець, заворваець». Благавешчанне было вяхою ў прадбачанні надвор'я. Калі свята аказвалася цёплым, селянін мусіў чакаць марозную восень, і наадварот, снег, што заляжаўся да гэтае пары, абяцаў цёплую восень. Па асаблівасцях гэтага дня рабіліся прагнозы на ўраджай. Як на Благавешчанне дождж — збярэш багата хлеба; калі суха, то летам магчыма засуха. Умеранае надвор'е — умеранае будзе лета і такі,ж ураджай. Гаварылі, што такое ж надвор'е, як на Благавешчанне, павінна паўтарыцца на Вялікдзень.
8/26. Гаўрыла, Ганна, Ала, Ларыса, Васіль.
9/27. Матруна, Хвядос, Іван. На Матруну, казалі ў народзе, «шчупак лёд прабівае». Цяпло прыходзіла штогод не адначасова, і не дзіўна таму, што падобныя прыкметы маглі звязвацца і з іншымі днямі гэтага перыяду.
10/28. Ларыён, Сцяпан, Яўстрат, Іона.
11/29. Марк, Кірыл, Іван.
12/30. Іван, Сафрон, Панцеляймон, Засіма.
13/31. Іпацій, Іона, Інакенцій, Веніямін.
14/1. Марыя, Яўхім, Аўрам, Макар.
15/2. Ціт, Палікарп — ён з'яўляўся рубяжом, пасля чаго можна было чакаць бясхлебіцы.
16/3. Мікіта, Хвядосся.
17/4. Язэп, Георгій.
18/5. Фядул, Сымон, Марк, Платон, Хвядора.
19/6. Яўціхій, Мяфодзій, Платаніда.
20/7. Георгій, Даніла.
21/8. Ірадзівон, Ніфант.
22/9. Вадзім.
23/10. Цярэнцій, Афрыкан, Максім, Аляксандр, Хведар, Якуб. Каталіцкі каляндар згадвае Войцеха, якога ў народзе так ахарактарызавалі: «Святы Вайцеха выпусціў жаўранка з меха».
24/11. Якуб, Варсанофій, Іван, Рыгор, а таксама Анціп, які святкаваўся толькі тымі, у каго балелі зубы, і знахарамі, якія загаворвалі зубны боль.
25/12. Васіль, Зінон, Ісак, Міна, Давыд, Іван, Апанасся.
26/13. Артамон.
27/14. Марцін, Антон, Іван, Астап, Ардальён.
28/15. Арыстарх, Трахім, Васіліса, Настасся, Кандрат, Лук'ян, Якуб, Віктар, Засіма, Сава, Андрэй. «Святы Андрэю —. канапелькі сею» — так раілася рабіць на Усходнім Палессі.
29/16. Ірына, Галіна, Ніка, Васіліса, Хвядора, Тамара. «На Ірыну,— казалі,— добра сеяць капусту».
30/17. Сымон, Ананій, Акакій, Аляксандр. Святы Засіма, які таксама шанаваўся ў гэты дзень, разам са святым Савацеем лічыўся ахоўнікам пчол — нездарма яго імя ўжываецца ва ўсіх пчалярскіх замовах. На пчальніках абавязкова меўся абразок абодвух святых, прычым Засіма быў намаляваны на фоне лесу так, што ў адной руцэ трымаў «кацялок», а ў другой — крыж і мяцёлку для зграбання раёў (ці крапіла). Зімою абразы пераносіліся ў амшанік, дзе захоўваліся вуллі, ці ў хату. На «Засіма-пчальніка» расстаўлялі вуллі.
Калі ў апошні дзень красавіка сонца ўзыйдзе ясна — будзе сухое лета, а калі праз хмары — дажджлівае.
Май
У апошні месяц вясны,— які б ён ні выпаў — з раннім ці запозненым цяплом, звычайна распускалася зеляніна. Пра яе нагадвала і другая назва месяца — травень. У гэтым месяцы першы раз пасля зімы гоняць скаціну ў поле, якая ў хлявах не магла дачакацца свежай травіцы: «Май — жывёлу ў поле пхай». I хоць да лета было рукою падаць, народны разлік папярэджваў: «Май зямлю грэе, а сіверам вее». Работы з кожным днём прыбывала, але гаспадар не спяшаўся даверыцца такому няпэўнаму яшчэ цяплу: «Май — валам дай, а сам на печ уцякай». Па стану мая прыкідвалі, чым абернецца для селяніна палявы год: «Май халодны — год галодны». Снег і мароз у апошнім веснавым месяцы прадказвалі засушлівае лета, не пакідалі добрых спадзяванняў і пчалярам. I наадварот, майскія грымоты нібыта паведамлялялі рупліўцу пра добры плён на яго зямлі: «Дождж у маі — хлеба будзе і на гультая».
Калі ноч пад першы дзень мая зорная і вее цёплы паўдзённы вецер - лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае.
1/18. Іван, Віктар, Зінон, Северыян, Аўксенцій, Кузьма. На гэты дзень прынята было сеяць моркву, буракі.
2/19. Іван, Хрыстафор, Антанін, Пафнуцій, Георгій, Трыфан, Нічыпар.
3/20. Хведар, Аляксандр, Гаўрыла, Рыгор, Анастас.
4/21. Януар, Яўціхій, Хведар, Дзяніс, Ісак, Сакрат.
5/22. Хведар, Усевалад, Гаўрыла, Лука, Клімент, Віталь.
6/23. Георгій (Юр'я, Юрай, Ягор'я). У ліку іншых веснавых дзён гэта свята, больш чым якое іншае, прэтэндуе на сапраўдны пачатак вясны. Менавіта з Юр'я, як лічылі амаль паўсюдна, пачынае куваць зязюля; на Юр'я сяляне выходзілі з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае зарунелыя палеткі («Калі прыйдзе Юры, не ўглядзіш у жыце куры»); з Юр'ем звязваўся, як правіла, і першы выпас жывёлы (запасаў для яе павінна было хапіць як мінімум да гэтага дня — «На Юр'я каб сена было і ў дурня»). Дбайны гаспадар не прапускаў без увагі стан надвор'я і рабіў для сябе пэўныя высновы: «Калі на Ягор'я мароз — будзе добры авёс». Снег на Юр'я падаваў надзею, што ўлетку пабялеюць палі ад удалай ураджайнай грэчкі, і наадварот — «Як на Юр'я пагода, то на грэчку няўрода». Густы юр'еўскі дождж упэўніваў селяніна, што вырасце густое вялікае жыта. Жыватворная юр'еўская раса таксама абяцала прыбытак: «Калі будзе раса — хопіць коням аўса». Галоўнай адказнасцю, якой народ надзяліў святога Юр'я, было апякунства хатняй жывёлы і гаспадаркі. Адначасова Юр'я называлі і валадаром ваўкоў. У народзе ўяўлялі, што ён едзе на белым кані і замыкае пашчы дзікім звярам, пасля чаго тыя менш нападаюць на скаціну. Статак стараліся выгнаць зарань, на цудадзейную расу — яна павінна забяспечыць вялікі дастатак малака. За лепшае лічылі, калі запасванне супадае з поўняю, «каб усяго было поўна». Перад тым як выгнаць, гаспадар тройчы абыходзіў сваю худобу з запаленай грамнічнай свечкай і апырскваў яе свянцонаю вадою. Абкурвалі жывёлу падпаленымі купальскімі зёлкамі, якія захоўваліся ўкожнай хаце. Выганялі скаціну з хлява, пасцёбваючы асвячонымі на Вербніцу галінкамі вярбы, затым яе ўтыркалі ў хляве ад злых духаў. На парозе хлява перад жывёлай клалі розныя сімвалічныя прадметы: курынае яйка — нібыта затым, каб заткнуць ім ваўку пашчу і каб каровы былі круглыя і поўныя, а калі яйка заставалася цэлае пасля праходу жывёлы, спадзяваліся, што і жывёла сёлета будзе цэлая; замкнуты замок пад нагамі худобы павінен быў выступаць як ахоўны сродак ад ваўкоў («Няхай так замкнецца яго пашча на ўсё лета»); ніты ад кроснаў («Як гадзюка ніта не разбярэ, так ад кароўкі малака не адбярэ»); сякеру, каб абараніць ёю гавяду ад «нячыстай сілы» і чарадзеяў; пояс ці жменя выцягнутай са страхі саломы азначалі, што скаціна не будзе адыходзіць ад дому; бязмен мусіў садзейнічаць таму, каб жывёла павялічвалася ў вазе. Запасванне на Юр'я станавілася і святам пастухоў — для іх гаспадары рыхтавалі добрыя закускі, а тыя ўжо на пашы ладзілі пачастунак. У першы дзень пастухі не павінны былі рабіць ніякіх пазык, не бралі яны ў поле агню, нажа (вастрыць яго, першы раз на весну гонячы статак, значыла б вастрыць ваўку зубы). Не забываў селянін на Юр'я і пра сваю ніву. Ен выходзіў на яе са спечаным напярэдадні, загорнутым у абрус караваем — увасабленнем леташняга ўраджаю, абыходзіў з ім палеткі, клаў яго ў рунь, і калі той хаваўся ў жыце, казалі, што ў бягучым годзе яно вырасце ўдалае. Выносілі ў поле косткі, што заставаліся ад велікоднага стала, і закопвалі па канцах поля. Асвячоная вербачка ўторквалася ў зямлю з вераю, што гэтым самым удасца абараніць ніву ад граду. На полі частаваліся, спявалі юраўскія песні:
Юр'я Бога клікала:
— Да падай, Божа, ключыкі
Адамкнуці зямліцу
Да выпусціці. травіцу.
Да на буйна жыта,
Да на цёпла лета,
Да на волікі ярмачко,
Да на кароўкі малачко.
7/24. Сава, Валянцін, Лявонцій, Хама, Лізавета, а таксама Аляксей і Аўсей — імёны гэтых святых як быццам самім сваім гучаннем заклікалі селяніна хоць што-небудзь пасеяць на ніве. Асабліва сугучнае з абавязковай палявой культурай імя апошняга святога, здавалася, зашыфроўвала ў сабе несумненную параду: «Аўсей — авёс сей».
8/25. Марк, Сільвестр. «Дождж на святога Марка — дык зямля, як скварка». Адзначаны ў каталіцкім календары Станіслаў даваў селяніну свае парады на гэты дзень: «Сей лён на Станіслава, вырасце як лава».
9/26. Васіль, Сцяпан, Глафіра.
10/27. Сымон, Сцяпан, Яўлогій.
11/28. Кірыл, Віталь, Максім.
12/29. Арцём, Хвядот, Філімон, Васіль, Іван.
13/30. Мікіта, Ігнат, Данат, Васіль, Максім, а таксама апостал Якуб. Народная прыкмета звязвала з гэтым імем набліжэнне цяпла: «На Якуба грэе люба».
14/1. Ігнат, Акакій, Макар, Пафнуцій.
15/2. Дзень Барыса і Глеба быў значным святам у народзе. Надта шанаваліся на яго крыніцы, якія не замярзалі і лічыліся гаючымі, асабліва ад хвароб вачэй. Шмат дзе, хоць далёка не паўсюль, не дазвалялася працаваць на конях. I ўсё ж гарачая на ніве пара не давала ніколі селяніну сядзець спакойна. Калі сабраць усё, што гаворыцца пра Барыса ў народных песнях, то можна з упэўненасцю назваць гэты дзень святам працы: «Святы Барыс — коні пасець, прывёўшы дамоў, закладываець...», «барануець, поле раўнуець...», «ляды паліць», «ячмень сеець з поўнай сявенькі, з правай жменькі, кіне рэдка — дасць Бог густа». Па розных мясцовасцях на Барыса неабходным лічылася сеяць дзе бульбу, дзе бабы, дзе цыбулю.
16/3. Маўра, Цімох, Хвядос, Пётр.
17/4. Палагея, Мікіта, Кірыл, Нічыпар, Клімент, Ісак, Сільван.
18/5. Ірына, Якуб.
19/6. Іоў, Міхей, Дзяніс.
20/7. Акакій, Ніл, Іван, Давыд, Зянон, Фадзей, Язэп, Сідар, Міхал, Сцяпан.
21/8. Арсень, Пімен, а таксама Іаан Багаслоў. На гэты дзень прыходзіліся тыя ж указанні, што і на Барыса. Не выкарыстоўвалі коней, каб пазбегнуць у будучым няшчасных здарэнняў з імі. Па агародах садзілі моркву, агуркі, рэдзьку, цыбулю. Гаспадыні высока падтыркалі спадніцы, спадзеючыся, што ўсё пасаджанае вырасце высока, і хапаліся за калена з упэўненасцю, што гэткая ж круглая і тоўстая будзе гародніна. Іаан Багаслоў непасрэдна папярэднічаў дню Міколы і таму ў народзе іменаваўся «Міколіным бацькам». Народная песня так характарызавала яго: «Міколін бацька — з сявалачкай яр засяваець. Першая сяўба — белы й гарошак, другая сяўба — яра пшаніца... усякая пашніца, авёс вяцісты й ячмень пляцісты... а гарох стручысты й пшаніца бела».
22/9. Мікола веснавы (ці летні). «Да Міколы няма дабра ніколі» — гаварылі ў народзе, г. зн. няма пэўнасці ў надвор'і, і толькі Мікола «пагоду становіць», таму і зваўся ён яшчэ цёплым. Гаспадар ведаў, што, зрабіўшы запас сена да Міколы, ён можа заставацца спакойным за жывёлу: «Мей сена да Міколы і не бойся зімы ніколі». Не забывалася і народная песня пра гэтага, бадай, самага шанаванага святога — цудатворца, абразы якога віселі амаль у кожнай хаце: «Святы Мікола па межах ходзіць, жыта раўнуець... дзе вымакла — там падсушыць, дзе высахла — там падмочыць»; «Мікола — стары сявец, ячмень сеець... з левай ручкі засяваець, кінець рэдка — расцець метка», «і траву расціць, і скот пасціць». Веснавы Мікола лічыўся святам конюхаў. Каб засцерагчы коней ад свавольства ведзьмаў, пастухі абкурвалі коней прыхаванымі купальскімі зёлкамі. З Міколінага дня трэба паспяшацца пастрыгчы авечак, пакуль яны не пачалі ліняць: «Да Міколы не сей грэчкі, не стрыжы авечкі». Паглядаў селянін і на палеткі: як жыта выплыве перад Міколаю, то будзе добры ўмалот.
23/10. Сымон, Кіпрыян, Анісім, Эразм, Сідар, Таіса, а таксама апостал Зілот. Яго імя выклікала ў чалавека асацыяцыю з золатам. Але адкуль магло прыйсці багацце селяніну, як не з уробленых ім палеткаў? Вось і звязваў ён гэты веснавы дзень з вытокам свайго дабрабыту: «Сей пшаніцу на Зілота — яна будзе, як злота». Часам пад вечар высявалі і каноплі.
24/11. Дзень Кірылы і Мяфода. Па ім меркавалі пра ўсё наступнае лета: калі ён мокры — і лета будзе мокрае, калі сухі — усё лета сухое. Чамусьці гэты дзень называлі «днём абнаўлення Царграда» (ад землятрусу) і аддавалі яму ўвагу асвячэннем палёў з хрэсным ходам, каб градам (сугучнасць з назвай горада абавязвала) не пабіла пасеваў. Асабліва забаранялася на «градабоддзе» араць.
25/12. Епіфан, Герман, Ермаген, Дзяніс, Савін.
26/13. Глікерыя, Макар, Аляксандр, Георгій, Ірына, Яўхімія.
27/14. Максім, Сідар. У гэты дзень дапускаўся налёт халодных вятроў: «Прыйшлі Сідары — прыйшлі і сівяры».
28/15. Пахом, Ісай, Дзмітры. Гэты дзень у адрозненне ад папярэдняга прадугледжваў адваротнае надвор'е: «Пахом павее цяплом». На Пахома амаль усюды дазвалялася ўсё рабіць, але паколькі ён лічыўся галоўным чынам агародным святам, то абавязкова стараліся пасадзіць агуркі: «Пасееш агуркі калі Пахом — будзеш хадзіць з мяхом», г. зн. збярэш шмат агуркоў на агародзе.
29/16. Хведар, Яфрэм, Касьян, Лаўрын, Аляксандр, Мадэст, Муза, Сава, Георгій. А каталіцкі каляндар згадвае Магдалену, якая, паводле народных сцвярджэнняў, «зязюльку прысылае».
30/17. Андронік, Ефрасіння, Еўдакія, Сцяпан.
31/18. Хвядот, Пётр, Дзяніс, Андрэй, Павел, Хрысціна, а таксама — Сем дзеў. Лён раілася сеяць не пазней гэтага дня. Сеялі таксама і каноплі, арыентуючыся на імя адной з дзеў — Матруны: «Канапелька Матруна, штоб ты ў зямлю махнула!»
Чэрвень
Першым летнім месяцам звычайна лічыцца чэрвень, хаця ў народным календары даволі цяжка правесці мяжу паміж вясной і летам. З вясною мінаўся пачатковы этап палявых работ. Пачыналася пара, калі селянін мог назіраць за вынікамі нядаўняй сяўбы, па маладых парастках у полі і на агародзе меркаваў пра ўраджай на восень. Пра месяц, які распачынаў лета, народная прыказка гаварыла: «У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар».
1/19. Дзмітры, Карніл, Акакій, Іван, Ігнат, Сяргей.
2/20. Аляксей, Цімафей. Гэта таксама і дзень «трох мучанікаў — зледзянелых старцаў» (Фалалея, Аляксандра, Астэрыя). Да яго, казалі, няма лета, але пасля яго ўжо не бывае зімы.
3/21. Кастусь, Алена, Міхал, Хведар. «Каля святой Алены гароды ўжо добра зялены». Лічылася, што пасеяны на Алену лён будзе асабліва ўдалы. Перакананне было падмацавана сугуччам «лён — Алена», што ў народным уяўленні рабіла святую нібыта апякункаю гэтай палявой культуры, і засталося замацавана ў прыказцы: «Сей лён на Алену — будзе кашуля па калена». Выпраўляючыся на сяўбу, апраналі чыстую бялізну, каб і лён вырас чысты. У кашолку з насеннем клалі вараныя яйкі, якія, прыехаўшы на ніву, сейбіт падкідаў угору, каб лён быў высокі і з буйнымі галоўкамі.
4/22. Васіліск, Іван. Пасля гэтага дня ўслухоўваліся, каб пачуць спеў самай галасістай птушачкі: «Ад Васіліска і салавей блізка».
5/23. Ефрасіння, Лявонцій, Міхал, Ісай, Ігнат, Якуб, Хведар, Дзмітры, Аўрам, Пятро, Іван, Васіль, Кастусь, Давыд, Мікіта, Даніла, Андрэй, Раман, Адрыян, Аляксандр, Генадзь.
6/24. Сымон, Мікіта, Мялецій, Сцяпан, Іван, Серапіён, Калінік, Хведар. Калі ў гэты дзень, што папярэднічае дню Іаана Хрысціцеля, стаяла цёплае надвор'е, то для пчаляроў існавала прафесійная прыкмета: «Калі выйдзець рой перад Янам, будзець зямец панам». Незапознены вылет пчол абяцаў багаты медазбор.
7/25. Іван, Ферапонт.
8/26. Карп, Георгій, Макар, Аверкій, Алена, Іван.
9/27. Ферапонт, Ніл, Кіпрыян, Фоцій, Іона, Іван, Хвядора.
10/28. Мікіта, Ігнат, Яўціхій.
11 /29. Іван, Хвядосся. «Хвядосся-каласяніца — жыта каласіцца».
12/30. Ісак. «На Ісака адбываюцца змяіныя вяселлі».
13/31. Ерма, Ярмія. Канец усякай сяўбы. «Прыйшоў Ерамей — больш не сей».
14/1. Пакутнікі Юстын і Харытон. У гэты час селянін звычайна аглядае свае пасевы, што і адбілася ў прыказцы: «Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон — лён».
15/2. Нічыпар, Іван, Ульяна, Варлам.
16/3. Клаўдзій, Іпацій, Павел, Дзяніс, Паўла, Дзмітрый, Лук'ян, Юльян.
17/4. Мітрафан, Мяфодзій, Севярын, Засіма.
18/5. Дарафей, Канстанцін, Хведар, Аляксандра, Іона, Маркіян, Нікандр, Леанід, Георгій.
19/6. Вісарыён, Ларывон, Іона, Фёкла.
20/7. Хвядот, Клаўдзій, Маркел, Калерыя, Марыя.
21/8. Хведар, Васіль, Яфрэм, Засіма. У гэты дзень па атмасферных з'явах спрабавалі прадказаць надвор'е і ўраджай: «На Тодара раса — лета сухое і ўраджайнае»; «На Тодара раса — канапель паласа».
22/9. Кірыл, Аляксандр, Фёкла, Марфа, Марыя.
23/10. Цімафей, Васіль, Іван, Аляксандр, Антаніна, Феафан.
24/11. Варфаламей, Варнава.
25/12. Анупрэй, Пётр, Ганна, Арсень, Іона, Аўксенцій, Сцяпан, Андрэй, Феафіл. З імем Анупрэя ў сялянскім календары звязвалі паспяванне на ўзвышшах суніц. Па гаспадарках прынята было сеяць да абеду якое-небудзь белае зерне, а па абедзе — чорнае, грэчку. Выкананне гэтага правіла гарантавала ўдачу, што пацвярджала прыказка: «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ». Часам жа лічылі, што трэба толькі заворваць пад грэчку, а сеяць яе назаўтра.
26/13. Акуліна-«грачышніца».
27/14. Елісей, Мяфодзій, Мсціслаў, Георгій.
28/15. Іона, Рыгор, Мадэст, Еранім, Хведар, Лазар, Яфрэм, Аўгусцін, а таксама прарок Амос. Пасеяны незадоўга перад гэтым авёс тым часам прабіўся скрозь зямлю зялёнымі парасткамі. Разам з рунню прарастала ў народзе прыкмета, якая прыставіла да аўса спецыяльнага апекуна: «Прарок Амос цягне ўгару авёс».
29/16. Ціхан, Яўтропій.
30/17. Мануіл, Савел, Ісмаіл. «На Мануіла сонца застойваецца».
Ліпень
У ліпені работы ў полі і на агародзе прыбаўляецца. Большасць «ліпеньскіх» прыказак гавораць менавіта аб працы: «Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае» (здаецца, самой прыродаю адмераны былі доўгія сонечныя дні, каб чалавек паспеў управіцца з усімі гаспадарчымі клопатамі); «Хто ў ліпні на полі пацее, таго ўзімку і печка пагрэе». Ліпень земляроб называе «гаручым» (спякотным), але яшчэ не «даручым» (не надта шчодрым), як наступныя за ім месяцы. А каб ураджай не падвёў, каб «даручасць» зямлі спраўдзілася пад канец лета і ўвосень, трэба добра папрацаваць. Характар месяца, які з'яўляецца ядром лета, адлюстраваны ў прыкмеце-прыказцы: «Ліпень што спаліць агнямі, тое залье слязамі» — маўляў, надвор'е звычайна ўраўнаважанае, з чаргаваннем сонца і дажджу.
1/18. Лявонцій, Іпацій, Фядул.
2/19. Іуда, Варлам, Паісій, Засіма, Іван.
3/20. Мяфодзій, Глеб, Андрэй, Гурый, Іна, Рыма, Апанас, Міна.
4/21. Юльян, Цярэнцій, Юлій.
5/22. Яўсей, Зінон, Галакціён, Ульяна.
6/23. Агрыпіна, Арцём, Герман.
У ноч з 6-га на 7-е (з 23-га на 24-е) Купалле (Купала, Ян, Іван). Калі кульмінацыяй зімовых падзей былі ў народным жыцці Каляды, то адпаведным па значнасці святам улетку з'яўлялася Купалле (царкоўнае свята Раство Іаана Хрысціцеля), якое адзначалася дзень у дзень праз паўгода. Напярэдадні яго дзяўчаты збіралі кветкі на вянкі, рабілі запасы лекавых раслін ад рознай немачы. Асаблівую ўрачыстасць святу надавала купальскае вогнішча. Дзяўчаты і хлопцы з усёй вёскі сцягвалі розную старызну (атопкі, абноскі, непрыгодны посуд, палазы, якія ад'ездзілі свой век), а таксама траецкі ссохлы «май» і вывозілі ўсё гэта за сяло, дзе меркавалася гулянне. Туды ж увечары накіроўваліся вяскоўцы з купальскімі песнямі. Агонь для вогнішча здабывалі ад трэння драўляных брускоў. Як сімвал сонца ўздымалі на шчасце запаленае кола. Полымя купальскага вогнішча надзялялася ачышчальнай сілай, хлопцы і дзяўчаты скакалі праз яго. Моладзь забаўлялася гульнямі, варажбою, вадзіла карагоды, спявала песні.
Купалка Йвана на вулку звала:
— Іван Іванішча, хадзі на йгрышча.
— Гуляй, Купалка, здаровенька,
Некалі йгрышчы мне гуляці:
Нада жыта пільнаваці,
Каб дзевачкі не хадзілі,
Майго жыта не тапталі
I красачак не шчыпалі,
І вяночкі не звівалі,
На галовачцы не насілі,
Па вулачцы не хадзілі,
Малойчыкаў не звадзілі.
З Купаллем звязана адна з самых рамантычных легенд беларускага народа пра папараць-кветку. Верылі, што ў купальскую ноч на папараць сыходзіць агонь Перуна і яна ўспыхвае яркім цветам, цвіце апоўначы некалькі імгненняў і трэба паспець ухапіць яе. «Хто гэту кветку здабудзе, будзець мець усё, чаго толькі яго душа пажадае»; «...можна тады ведаць усё, што на свеце робіцца». Недасягальнасць папараці-кветкі ў беднага чалавека атаясамлівалася з багаццем, з закапанымі немаведама кім і калі скарбамі, якія ў гэту ноч выходзяць на паверхню прасушыцца. Скарбы, што ахоўваюцца нячысцікамі, могуць дацца ў рукі толькі ўладальніку папараці-кветкі. У паданнях расказвалася, што ў купальскую ноч расліны размаўляюць між сабою, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. Сярод цудаў купальскай ночы называлі разгул розных чараўнікоў і ведзьмаў, якія ўсяляк шкодзяць людзям — заезджваюць коней і адбіраюць малако ў кароў. Каб не дапусціць «нячыстую сілу», над парогамі хлявоў і хат вешалі прадметы, якімі ведзьма магла парэзацца, пакалоцца, апячыся: сярпы, іголкі, крапіву. На страх ведзьме вешалі і забітую сароку. Вельмі пашыранай на купальскім свяце была варажба. Дзяўчаты і хлопцы загадвалі, што чакае іх у будучыні. Па кінутых на ваду папарна вянках сачылі, сыдуцца яны ці, наадварот, разыдуцца; можа, чый вянок не будзе падхоплены плынню, а прыстане ці нават патоне. Сабраныя на Яна галінкі купалкі з нераспушчанымі кветкамі прыносілі ў хату, утыркалі за абразы, у шчыліны між бярвёнамі ці за бэлькі. Калі кветкі распускаліся, гэта значыла, што дзяўчына выйдзе замуж альбо задуманае ёю збудзецца. А то яшчэ варажылі гэтак: ля дарогі знаходзілі трыпутнік і прыкмячалі адзін нейкі ліст, апоўначы трэба сарваць яго, кажучы тры разы без аддышкі:
Трыпутнік, трыпутнік,
Ты сядзіш пры дарозе,
Ты відзіш старога, малога,
Ці відзіш майго мілога?
Гэты ліст прыносілі дадому, клалі пад падушку і спадзяваліся, што сасніцца любы. Пад раніцу моладзь купалася ў рацэ (праўда, на Смаргоншчыне забаранялася купацца на Купалле, каб не замуціць ваду. ў дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля), качалася па купальскай расе, сустракала ўсход сонца, у гонар якога некалі і святкавалася Купалле. Казалі, што на купальскую зару сонца «іграе» — дваіцца, траіцца і пераліваецца рознымі колерамі. Купалле, як вынікае з песень, пазначана было магутным прыродным рухам і адначасова рухам чалавечай працы: «Святы Іван колас наліваець... пчолы садзіць, коску правіць — лугі пратаць, у сцірты кідаць»; «Святы Ян папар арэць, барануець... гнаёк возіць»; «Святы Ян — божы каваль: косы круціць, сярпы зубіць». Свята святам, але і ў гэты дзень не пакідалі селяніна думкі пра ўраджай, пільна ўзіраўся гаспадар у кнігу прыроды, зямлі, чытаў па зразумелых яму знаках ці прадказаннях.
8/25. Фяўроння, Пятро, Давыд, Ефрасіння.
9/26. Давыд, Дзяніс, Ціхан, Іван.
10/27. Самсон, Георгій, Марцін. «На Самсона дождж — сем тыдняў то ж» альбо «...дажджыць будзе да сярэдзіны верасня».
11/28. Сяргей, Герман, Ксенафонт, Павел.
12/29. Пётр і Павел (Пятрок). Гэтаму дню папярэднічаў Пятроўскі пост («Пятроўка — галадоўка»), які пачынаўся праз тыдзень пасля Сёмухі і выклікаў асаблівую незадаволенасць мужчын-касцоў (ён называўся імі «бабскім» пастом, які нібыта выдумалі жанчыны ад неразумення іх цяжкай фізічнай працы ў гэты перыяд). У Пятроўку трэба было ліпы драць на лыка, бо пазней ужо кара прысыхае. Народам заўважана: калі гразь у Пятроўку, то ўлетку будзе добры ўраджай. На Пятра ўжо можна разгавецца сырам і маслам: «Жджы Пятра — сыр з'ясі». А таму, хто ігнараваў звычай, пагражалі не дачакацца таго ж разгавення на наступны год. Валачобныя песні, згадваючы Пятра, называюць шэраг разнастайных сялянскіх заняткаў, а таксама ўказваюць на стан збажыны: «Святы Пётра ў косы звоніць, святы Паўла граблі робіць». Пад звоны косаў «святы Пятро талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць». Ен жа і «папар барануець, поле раўнуець, грунт гатуець» ды яшчэ «жыта родзіць», «жытцо спяліць» («Святы Пятро — жытцу ядро»). Значыць, трэба ўжо і сярпы вастрыць, бо «з Пятрова дня ў полі пажня» (зялёны пакос). Па дню Пятра народныя метэаролагі прадказвалі ўраджай, пагоду і непагадзь і размяркоўвалі свае заняткі: «Калі на святога Пятра дождж, будзе жыта, як хвошч»; «На Пятра дождж — сенакос мокры»; «Калі Пётра з Паўлам плачуць, дык людзі праз тыдзень сонца не ўбачаць»; «Калі на Пятра дождж, то на Новы год будзе страшная мяцеліца». Лічылі, што зязюля куе ад Юр'я да Пятра, пасля чаго замаўкае, нібыта падавіўшыся ячменным коласам, які пад гэту пару выходзіць з трубак. Адхіленні ад згледжанай заканамернасці ведалі і заўважалі: «Калі зязюля перад Пятром перастане куваць, то будзе восень халодная і ранняя зіма. Калі зязюля па Пятрэ куе, то восень будзе цёплая, а зіма — па Усіх Святых (1 лістапада) стане»; «Калі зязюля перастане кукаваць за два тыдні да Пятра, то тое лета будзе ўраджайнае і спакойнае». Як напамінак пра паварот да наступнай пары года гучыць прыказка: «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток». Дзе-нідзе на Пятра і на Сёмуху спраўлялі вяселлі.
Пятрова ночка маленька,
Не выспалася паненка.
Бел кужаль прала — драмала,
Красёнцы ткала — заснула,
Ехаў Іванька — не чула.
Махнуў платочкам — не ўстаець,
Кінуў калечка — не бярэць.
— Чаму, Манечка, не ўстаеш,
Майго калечка не бярэш,
За мяне замуж не ідзеш?
Пра вяселлі згадвалася і ў прыказках: «Да Пятра дзеўка хітра, а па Пятры — хоць твар ёю падатры» (да Пятрова дня, значыць, стараецца спадабацца хлопцу і выйсці замуж; калі ж намаганні марныя, яна мусіць чакаць наступнай пары вяселляў).
На Вілейшчыне Пятрок лічыўся адным з памінальных дзён, калі адведваюцца могілкі. У спрыяльнае лета гаспадыні нават спрабавалі рабіць першы зажон і частавалі плёнам сваёй працы сям'ю — адсюль і прыказка: «На Пятра крышку хлеба напякла».
13/30. У дзень 12 апосталаў, сярод якіх былі Сымон і Юда, пачыналі араць ці баранаваць папар: «На Сымана і Юды конь баіцца груды».
14/1. Кузьма і Дзям'ян — у іх, як і ў іншых святых, народ бачыў апекуноў і дарадцаў сваім галоўным справам гэтай пары — сенакосу і падрыхтоўцы да жніва. Таму і маляваў іх прыземлена, надзяляў тымі ж клопатамі, што і простых людзей: «Кузьма і Дзям'ян прыйшлі, на сенакос пайшлі»; «Святы Кузьма сярпы робіць, святы Дзям'ян сена грабіць». На Усходнім Палессі гэты прысвятак называлі «Кузьма-сякач» і пазбягалі працаваць на полі і агародзе, каб святы не пасек усё градам. Не працавалі і ў кузнях, лічачы Кузьму з-за сугучнасці імені апекуном кавальства.
15/2. Фоцій, Ювеналій, Ціхан, Васіль, Нікан, Арсень.
16/3. Філіп, Анатоль, Васіль, Кастусь, Іван, Нікадзім, Дзямід, Яўлампій, Марк, Аляксандр.
17/4. Андрэй, Марфа, Яўхім, Хвядот, Хвядоцця, Хведар.
18/5. Апанас, Сяргей, Ганна, Юрыл.
19/6. Ульяна, Марфа, Валянцін, Інакенцій, Антон, Лук'ян, Сідар.
20/7. Фама, Акакій, Еўдакія, Ефрасіння, Лук'ян, Герман.
21/8. У дзень Казанскай Божай Маці на поўдні Беларусі магло пачынацца жніво. На Случчыне на «Казанскую» не працавалі: «Калі хто паробіць, так нешта і зробіцца — маланка ў стог ударыць»; «Будзеш вазіць сена на «Казанскую», то гумно другое «Казанскае» не дастоіць». Паводле каталіцкага календара, «святому Данату» наканавана было ў гэты дзень «коскі тачыць», «сянцо касіць».
22/9. Панкрат, Кірыл, Аляксандр, Хведар.
23/10. Лявонцій, Маўрыкій, Даніла, Антон, Аляксандр.
24/11. Яўхімія, Вольга, Алена.
25/12. Прокл, Міхал, Хведар, Іван, Арсень, Сымон, Гаўрыла. На пакутніка Прокла чакалі вялікіх рос, ад якіх магло пагнісці сена, таму яго стараліся найхутчэй высушыць. Згодна з каталіцкім календаром, у гэты дзень шанаваўся Якуб, які быў арыенцірам метэаралагічных прадказанняў: «Які Якуб да паўдня — такая да снежня зіма»; «Дождж на Якуба — для жалудоў згуба».
26/13. Гаўрыла, Сцяпан, Юльян, Серапіён, Маркіян. У каталіцкага насельніцтва гэта дзень Ганны, ён працягваў папярэднія назіранні за надвор'ем і ўраджаем: «Як Ганна з дажджом — дык гарох з чарвяком»; «Святая Ганна раніцы халодзіць»; «Калі на Ганну раніца халодная, то і зіма будзе ранняя і халодная».
27/14. Сцяпан, Анісім. Каталіцкі каляндар адзначае гэту дату як дзень Сямі спячых братоў. Пераконвалі, што калі заладзіць дождж на Сем братоў, то будзе ісці без перапынку сем тыдняў, што ніяк не паспрыяе земляробчым работам.
28/15. Уладзімір, Васіль.
29/16. Афінаген, Павел, Валянціна, Юлія.
30/17. Марына, Маргарыта, Лазар, Леанід.
31/18. Емяльян, Іван.
Жнівень
Назва апошняга летняга месяца — напамін пра галоўную сялянскую працу ў гэту пару: «У жніўні панамі сярпы — маруды тады не цярпі». Кожнаму гаспадару было вядома: «Хто ў жніўні гуляе, той зімой галадае».
1/19. Серафім, Раман, Сцяпан, Міліца, а таксама Макрына — імя яе не магло не выклікаць асацыяцыі з макрэчай, з дажджом, якія ў сваю чаргу выводзілі свае прыкметы: «Калі ў дзень Макрыны дождж, то ўсё лета і восень будуць мокрыя, а калі суха, то восень сухая». Дзейнічалі і павер'і-забабоны: «На святую Макрыну нельга палоць грады, таму што ўсякая гародніна адмокне ад вялікіх дажджоў».
2/20. Прарок Ілля. Адзін з найпапулярнейшых у сялян вобразаў успрымаецца па той жа сэнсава-фанетычнай асацыяцыі (Iлля — ліць— дождж) нібы родны брат Макрыны. Грымоты з маланкамі на Іллю тлумачылі тым, што гэта сам прарок у вогненнай калясніцы раз'язджае па небе. А каб не ўзнік пажар ад навальніцы, стараліся не працаваць. Калі ж выпадала сонечнае надвор'е, баяліся гневу Іллі, які можа пакараць грэшную зямлю і людзей засухай. Нормай лічылася, што прарок Ілля прынясе дождж: «Ілля наробіць гнілля». Існавалі на гэты дзень больш-менш рацыянальныя аграрныя і метэаралагічныя назіранні: калі дождж — будзе жыта ядронае, але маланка папаліць арэхі; калі пагода — павінен быць добры сенакос; калі спякота — трэба чакаць працяглай зімы. Ад Іллі звычайна пачыналася доўгачаканае жніво: «Святая Ілля — слаўна жняя»; «Свята Ілля копы лічыць». Выспяванне жыта часам вывяралі па ягадах у лесе: паспелі на Іллю чарніцы — значыць, паспела і жыта. Тады ўжо прыказка вуснамі дбайнай гаспадыні сцвярджала: «На Іллю поўну печ хлеба наллю»; «На святога Галляша (мясцовая назва Іллі.—У. В.) з новых круп каша». Дзесьці каля Іллі трэба было «брацца да раллі» — пачыналі араць паравое поле, рыхтуючыся спакваля да сяўбы азімых: «Да Іллі хоць адным зубам зямлі парні». Свае назіранні мелі і бортнікі: паводле іх сцвярджэнняў, надзейныя тыя раі, што выйшлі да Іллі, пазней жа раі амаль нічога не вартыя і іх лепш не асаджваць, а адпускаць. Дзень Іллі ўспрымалі як рубеж між летам і восенню: «Ілля жніво пачынае, а лета канчае»; «На Іллю да абеду лета, а па абедзе восень»; «Да Іллі поп просіць Бога пра дождж, а з Іллі і баба хвартухом яго нагоніць». I яшчэ адна прыкмета: «Прыйшоў Ілля і ўкінуў у ваду алядня» — менавіта з гэтага дня забаранялася купацца. Калі, маючы на ўвазе паступовае скарачэнне дня, пра папярэдніх святых гаварылі, што «Пётра-Павел час убавіў», то пра Іллю дабаўлялі: «Ілля-прарок — два ўвалок».
3/21. Сымон, Іван, Анупрэй, Анісім.
4/22. Марыя Магдаліна, Фока, Карніл. Дажджы, непагадзь ад папярэдніх «мокрых» дзён Макрыны і Іллі не спыняліся: «Магдалена — вады па калена»; «На Марыю вялікія росы — будзе лён шэры і косы».
5/23. Трафім, Феафіл, Апалінар.
6/24. Барыс і Глеб, Палікарп. Наступныя пасля Іллі прысвяткі былі цалкам падпарадкаваны жніву, і апякун Барыс у народнай песні далучаўся да работы як просты селянін, каб хутчэй «зваяваць поле»: ён «снапы зносіў», «копкі ставіў гусценькія», «бабкі злічаў». Няцяжка пачуць сугучча імені другога святога з галоўным клопатам і радасцю селяніна: «Барыс і Глеб — паспеў хлеб».
Ай, добра ноч, шырокае поле, жыта ядраное!
На здароўе, жнейкі маладыя, сярпы залатыя!
Прыхадзіце заўтра раненька, як сонейка ўзойдзець.
Прынасіце адзін гаршчок кашы, а другі сыраквашы.
Вы сажніце шырокае поле, жыта ядраное!
Пастаўляйце ў полі капамі, а ў лузе стагамі!
А мы зжалі і поле пажалі і пастаўлялі,
У полі капамі, а ў гумне стагамі пастаўлялі.
Як ні дзіўна, але ў такую гарачую пару часам забараняліся цяжкія работы з-за пагрозы раптоўнага дажджу з навальніцай, якая можа разнесці скіданы ў гэты дзень стог ці спаліць яго маланкай. Ні прыбіраць сена, ні звозіць збожжа ў гумно было нельга, інакш, гаварылі, на свае будынкі сцягваеш перуны і наклікаеш пажар. Саломай ад зжатага на Барыса і Глеба збожжа хаты не крылі, бо, лічылі, страху знясе вецер ці спаліць маланка. У некаторых мясцінах ушаноўваецца і Палікарп, які зваўся Палікопам. У гэты дзень можа здарыцца ці спякота — і зерне высыплецца, ці вялікі дождж — і яно прарасце, таму пажаты хлеб яшчэ нельга лічыць сваім: «Палікопы — не твае ў полі копы».
7/25. Дзень Ганны, ідучы следам за Барысам, нічым не адрозніваўся ў сялянскіх занятках: «Барыс з Ганнай не гуляюць, святой Іллі памагаюць». За Ганнай прызнавалі тую ж стараннасць: «Святыя Ганны да помачы жаць сталі, вязь вязалі, копы клалі», «бабкі стаўлялі», «дамоў снапы звозілі, копы лічылі». Сустракаліся мясціны, дзе на Ганну працаваць можна было толькі на талацэ ці па найму. У гэты ж дзень каляндар вылучаў імя Макара, якое ўслед за Макрынай і Іллёю народ таксама звязваў з макрэчай, ліўнямі: «Макаў налье ў рукаў».
8/26. Ермалай, Майсей, Параскева.
9/27. Угоднік Панцеляймон лічыцца лекарам, асабліва ад хвароб галавы. Дзень адзначае таксама Мікалая, Анфісу, Клімента, Германа, Навума, Саву.
10/28. Прохар, Міканор, Піцірым, Майсей, Астап, Юльян, Акакій.
11/29. Калінік, Кастусь, Кузьма, Серафіма, Хвядоцця, Міхал, Яўстафій.
12/30. Сіла, Андронік, Іван, Герман, Лука, Алімп, Максім, Валянцін, Апалон. Калі паспявалі закончыць жніво, гаварылі, што карысна пачаць сяўбу новага хлеба: «Хто на Сілу жыта пасее — у таго на хлеб надзея». Надзею нібы гарантавала імя святога — Сіла! Івану-воіну, які таксама прыпадае на гэты дзень, маліліся, каб адшукаць украдзеныя рэчы і коней і каб пакараць злодзеяў. У народзе верылі, што калі адслужыць малебен Івану-воіну, то ён нашле на крыўдзіцеля і злоснага ворага страшную кару.
13/31. Еўдакім, Юліта.
14/1. Першы Спас (усіх было тры). Поле і агарод ужо ладна-такі кармілі сялянскую сям'ю, і другая палова жніўня, нягледзячы на двухтыднёвы пост, які пачынаўся з гэтага дня, празвана была «спасаўкай-ласаўкай». У смаленскіх беларусаў бытаваў звычай напярэдадні першага Спаса варыць столькі яек, колькі ў двары мужчын. Разбіўшы яйкі, прыглядаліся: у каго паўнейшае — таму наканавана засяваць жыта, каб атрымаўся поўны ўраджай. Звычай аб'яднаў два сімвалы: яйка (зараджэнне новага жыцця) і паўнату (увасабленне дабрабыту, багацця). Шчасліўцу, у якога абодва сімвалы сышліся, нібы даравалася дабратворнасць, і ён мусіў перанесці яе на агульную ніву ў час сяўбы. Першы Спас зваўся ў народзе таксама Макавей, Макаўе. У пацвярджэнне назвы на Віцебшчыне кожнай гаспадыні трэба было прыгатаваць хоць бы адну страву, якую можна мачаць,— бліны, сачні з «пражанінай» ці з селядцовай жыжкай; пчаляры здабывалі мёд, каб мачаць у яго агуркі і хлеб. На Макавея падкопвалі маладую бульбу, і па ёй меркавалі пра ўвесь будучы ўраджай; паспявае мак, шпакі і гракі збіраюцца ў агароды.
У жніўні, але пераважна на Спасаўку, павінна прайсці так званая «Рабінавая ноч» (ці «Вераб'іная ноч»). На працягу яе грымоты сатрасаюць неба, грозна бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме вецер. Згодна з народнымі павер'ямі, у гэту ноч з пекла на свет выходзяць усе злыя сілы, якія нібы спраўляюць сваё галоўнае гадавое свята і страшаць хрышчоных людзей. Паводле іншых меркаванняў, у гэту ноч усе сілы прыроды ядналіся, каб знішчыць «нячыстую сілу», што пасля Купалля распладзілася за лета і шкодзіла людзям. Забіты ці пакалечаны перуном у «Рабінавую ноч» лічыўся чараўніком. На Палессі гаварылі, што ад такой моцнай буры рабчыкі разляталіся па ўсім лесе і да самага такавання жылі па аднаму. Пераконвалі, што неспакойная ноч патрэбна для выспявання ягад на рабіне. Калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.
15/2. Сцяпан, Нікадзім, Васіль. «Базыль — авечкам воўну дае».
16/3. Ісак, Далмат, Кузьма, а таксама Антон, у дзень якога чакалі вятроў, якія зваліся народам «Антоны-віхравеі».
17/4. Максімільян, Іван, Дзяніс, Канстанцін, Антанін, Еўдакія.
18/5. Еўсцігней, Нона.
19/6. Другі Спас, ці проста Спас, Іспас — самы вядомы і шаноўны ў народзе. Звязваўся перш за ўсё з паспяваннем яблыкаў і асвячэннем іх у царкве. Вельмі пашырана павер'е, што да Спаса нельга есці яблыкаў, бо будуць дзеці паміраць. Не менш дзейнічала забарона есці перад Спасам яблыкі на тых людзей, у якіх папярэдне паміралі дзеці. На тым свеце, казалі, Бог будзе раздаваць на Спаса яблыкі (як і іншую садавіну), а таму дзіцяці, чыя маці каштавала іх раней дазволенага тэрміну, пачастунку не дастанецца. На Капыльшчыне пасля асвячэння ў царкве людзі неслі яблыкі на могілкі, дзе клалі ўсёй радні па яблычку. «Спас» тлумачылі і па сугуччу з дзеясловам «спаць». Сцвярджалася, што зямля ў гэты дзень спіць; трывожыць яе сон, а таму і працаваць нельга. I ўсё ж нездарма жыла прыказка: «Спас — усім рабочы час». Свята не давала забыцца, што доўга адпачываць няма як: «Спас не гуляець, каня сядлаець, поле аб'язджаець, копы аблічаець, у гумно вязець», «па полі ходзіць... раскладаець: гэта на семя, гэта на емя!»; «сцірты віець, гнаі возіць»; «А стары Іспас — старэнькі дзядок, на восець садзіў, жыта малаціў»; «...едзець у поле ды зямельку мяшаець, прыгатаўляець»; «Святы Спасік, пільны часік, папар строіць, жытцо малоціць». Ад другога Спаса пачыналася сяўба азімага жыта. На Палессі бортнікі падглядалі пчолы і даставалі мёд. Згодна са звычаем, калі пчаляр пашкадуе ў гэты дзень даць мёду хоць аднаму з прысутных дзяцей, пчолы прападуць. У народзе Спас лічылі днём адлёту буслоў. Калі буслы пачыналі рыхтавацца ў вырай за тыдзень перад Спасам, значыла, што раней надыдзе зіма і будзе яна марозная, а вясна цяплейшая; калі пасля Спаса — восень будзе цёплая, зіма позняя, вясна халодная. Адлёт буслоў адназначна сведчыў пра надыход восені, а прыказкі нагадвалі: «Спас — лета шась!»; «Спас — бяры рукавіцы ў запас».
20/7. Дамецій, Мітрафан, Пімен.
21/8. Емяльян, Рыгор, Засіма, Савацей, Мірон, Леанід.
22/9. Апостал Мацей, Антон, Юльян, Маркіян, Іван, Якуб, Аляксей, Дзмітры, Фоцій, Пятро, Лявонцій, Марыя. Большая частка работ у полі, як правіла, да гэтага тэрміну была выканана. Падступалася восеньская прахалода: «Пасля Мацея мужык на полі не пацея».
23/10. Лаўрын, Раман. Гаспадарчыя работы тым часам змянялі адна адну, і селянін ужо выпраўляўся малоць новае збожжа: «На Лаўрына спяшай да млына».
24/11. Хведар, Васіль, Клаўдзій, Максім, Аляксандр.
25/12. Фоцій, Аляксандр, Памфіл, Капітон. Дзе-нідзе на Віцебшчыне пачыналася так званая «Чарвівая нядзеля». Пасеяны на працягу наступнага тыдня хлеб, як казалі, дае «чарвівую муку», з якой нельга вывесці кузурак; нават калі з яе пячэш, яны да пары заціхаюць і аджываюць пасля таго, як астудзіцца хлеб.
26/13. Максім, Ціхан, Іпаліт.
27/14. Міхей, Хвядос, Аркадзь, Маркел. Апошні дзень «спажынога посту» («спасаўкі-ласаўкі»).
28/15. Прачыстая (Спажа, Успленне) — самае значнае свята ў канцы лета. Царкоўную назву «Успение» (вечны сон, смерць) тлумачылі ў народзе тым, што да гэтага дня спеюць розныя плады. Прачыстая была сапраўдным святам ураджаю, яна падводзіла вынік працы селяніна: «Свята Прачыста — поле ўрачыста». З асаблівай жа пашанай казалі пра новы хлеб: «Прачыстая прынясе хлеба чыстага»; «Спажа — хлеба дзяжа». Як Спас славіўся асвячэннем яблык, так Прачыстая — асвячэннем хлеба. Асвяціўшы жыта, перамешвалі яго з астатнім і адкладвалі да наступнай сяўбы, каб новае збожжа добра расло. На Палессі Прачыстую называлі Зельнаю, бо асвячалі разам са збожжам «усялякія зелля». На Случчыне сустракалася такое павер'е: калі каго даймае асот, яго сцябліну трэба ўвязаць у букет, пасвяціць, прывезці назад і на полі пасадзіць — ён ужо не будзе расці. Калі каму ўдавалася да свята не толькі паспець сабраць хлеб, але і пачаць заворваць, то таму хлебаробу гэта павінна было прынесці ў будучым большы ўраджай: «Да святка араць — лішнюю капу нажаць». Пра подых восені паведамлялася: «Прыйшла Прачыстая — зусім паціснула». Адразу пасля свята пачыналася сяўба азіміны, і гаспадар мусіў быць падрыхтаваны: «Успленне — ці гатова насенне?» Да назвы «Прачыстая» нярэдка дадавалася «першая», «вялікая», «большая», каб адрозніць яе ад «другой», «меншай», «малой» Прачыстай (інакш — Спожкі, Багача), што адзначалася ў верасні. Разам з Пакровам гэтыя святы ўтваралі цыкл багародзіцкіх святкоў («Прыйшлі святкі — апалі лісткі»).
29/16. Дзямід. Трэці Спас. Па ім, як і па другім Спасе, раілася «трымаць рукавіцы ў запасе», бо прырода ўсё больш упэўнена набліжалася да зімы. Гэты Спас у адрозненне ад папярэдняга, «яблычнага», дзе-нідзе называлі «арэхавым», паколькі надыходзіла пара паспявання арэхаў.
30/17. Мірон, Павел, Ульяна, Фірс, Стратон, Піліп, Кіпрыян.
31/18. Святыя Флор і Лаўр ушаноўваліся ў народзе як заступнікі коней. «Конскім святам» называлі гэты дзень. На конях не працавалі, не запрагалі іх, не путалі, выказваючы тым самым падзяку сваім надзейным памочнікам. Жанчыны пяклі ляпёшкі, меншыя за чайныя сподачкі, і называлі іх капытамі. У асобных вёсках дзень Флора і Лаўра лічыўся прысвяткам пастухоў. Здаралася, што разам з забаронамі работ на конях забаранялася таксама жанчынам ткаць.
Верасень
Рубеж, на якім адбывалася развітанне з летам і пачыналася восень, указваўся ў народзе па-рознаму. Відочныя знакі восеньскай пары прыкмячалі ўжо на Іллю, потым — на Спаса, на Прачыстую, на Флора і Лаўра. Умоўна восень лічыцца ад пачатку верасня. Крыху панылыя, але яшчэ з пробліскамі сонца карціны першага восеньскага месяца малююць народныя прыкметы: «Верасень — з досвіткам дзень», паказваючы гэтым самым паступовае скарачэнне дня. Усё мацней бяруцца халады, звычнымі робяцца туманы, ападаюць лісты з дрэў, чырванеюць арабіны («У верасні адна ягада — ды тая горкая рабіна»). Але земляроб меў чым парадавацца пад час прыроднай сумоты, бо хоць «верасень месяц халодны, але сыты». Нездарма ж гаварылася: «Як настане верасёнь — у гаспадара поўна гумно і кішэнь».
1/І9. Андрэй, Піцірым, Цімафей, Агата, Тэкля.
2/20. Самуіл, Сявір.
3/21. Фадзей, Васа, Аўрам.
4/22. Апанас, Анфуса.
5/23. Дзень пакутніка Лупы, як і наогул першая дэкада верасня, прызнаваўся ўдалым для азімай сяўбы — тады, маўляў, «на Лупа будзе жыта купа». Павер'е магло нарадзіцца не толькі на падставе гукавога падабенства, але і па зрокавых асацыяцыях: «У дзень памяці святога Лупы нельга сеяць жыта, таму што на ўсёй ніве будуць «лупы» — жыта ўзыйдзе і вырасце плешынамі». Так, адзін і той жа вобраз у залежнасці ад мясцовай традыцыі надзяляўся супрацьлеглым стаўленнем да сялянскай працы ў гэты дзень.
6/24. Яўціхій, Іван, Пятро, Арсень, Георгій.
7/25. Варфаламей, Ціт, Міна, Яўлогій. Імя святога Варфаламея (у народзе — Баўтрамея) рыфмавалася з адпаведнымі аграрнымі работамі: «Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей». У гэты ж дзень прадугледжваўся адлёт у вырай буслоў, іх зварот праз дзевяць месяцаў падмацоўваў тлумачэнне, што дзяцей прыносяць менавіта гэтыя птушкі: «Святы Баўтрамей высылае буслоў на дзяцей». Па стану надвор'я на Варфаламея вызначалі характар усёй восені.
8/26. Адрыян, Наталля.
9/27. Пімен, Анфіса, Сава.
10/28. Майсей невядома з якой прычыны шанаваўся як збавіцель ад п'янства, асабліва запойнага. Таму жанчыны, што пакутавалі ад мужоў-п'яніц, звярталіся менавіта да Майсея за дапамогай.
11/29. Дзень адсячэння галавы Іаана Прадцечы меў у народзе назвы: Іван Галавасек (Галаварэз, Сценцель), або Іван Калінавік (Каліннік). Адзначаўся праваслаўнай царквою строгім постам. Разнастайныя формы жалобы бытавалі і сярод простага люду, кожная парада ці забарона па-свойму лагічна выцякала з характару дня. На Галавасека нельга было есці круглых пладоў, каб не спадобіцца Ірадыядзе, якая забаўлялася галавою Іаана Хрысціцеля, як яблыкам, і каб не садзілася ў бліжэйшы год на целе скулле. Баяліся варыць чырвонае бацвінне, бо ў доме на працягу года пральецца чыя-небудзь кроў. Забаранялася рэзаць нажамі і сячы сякерамі ўсё, што мела круглыя абрысы, нават хлеб кроілі загадзя ці ламалі яго рукамі. Пад пагрозаю пажару рупіліся выпаліць напярэдадні ў печы і ўсяляк пазбягалі звозіць сена ў хлявы. Ужо сама назва свята падказвала паклапаціцца і пра ўласную галаву. А каб яна не балела, ламалі на Галавасека каліну, што якраз паспявала, і варылі з яе кісель ці кашу з аржаной мукой і цукрам. На Магілёўшчыне ў гэты дзень стараліся паболей заараць і засеяць жыта, якое, разлічвалі, будзе асабліва ўмалотнае. Пра дзень Галавасека ў песнях спявалі, што ён «руняй сцеліць» і «бульбу з поля збіраець».
12/30. Аляксандр, Іван, Павел, Даніла.
13/31. Кіпрыян, Генадзь.
14/1. Сямён, Марфа. Дзень Сямёна Стоўпніка («Стаўбуна») меркаваўся як апошні дзень сяўбы азімых: «Святы Сымон — а й сявец дамоў». Паводле народнага павер'я, жыта, пасеянае ў гэты дзень, не будзе баяцца павалу, будзе трымацца «станьком», высокае, але неўмалотнае. А каб засцерагчыся неўмалоту, няпоўных каласоў, забаранялі на Сымона малаціць. Павер'ем служыла сугучнасць: семя і Сямён. У выніку святы станавіўся нібы павераным селяніна ў зерневай справе. Наогул селянін кожны этап да будучай сяўбы азімых «даручаў» асобнаму святому: «Да Пятра трэба зямлю паараць, да Іллі — узбаранаваць, да Вялікай Прачыстай — памяшаць і да Сямёна — жыта ўзараць». Яшчэ адляталі птушкі ў вырай. З Сымонам звязвалася павер'е, быццам ластаўкі хаваюцца на зіму ў ваду. На Сымона, як і раней на Баўтрамея, знішчалі ў хаце мух.
Другая палова верасня і пачатак кастрычніка ў народным календары звязваліся з пацяпленнем і насілі назву «бабінага лета». Яна паходзіць нібыта ад таго, што на гэты час прыпадала пераважна «бабская» работа на агародзе і ў полі. Лагоднае надвор'е спрыяла ўборцы гародніны, капанню бульбы, у гэты час церлі і трапалі лён і каноплі.
15/2. Хвядот, Руфіна, Іван, Антон, Хвядос.
16/3. Феафіл, Дарафей, Пятро, Зінон, Домна, Яўхім, Феакціст, Іван, Васіліса.
17/4. Вавіла, Майсей, Піліп, Хведар, Юльян.
18/5. Захар, Лізавета, Апанас, Глеб, Давыд, Максім, Хведар, Аўдзей, Раіса.
19/6. Дзень успаміну цуда Арыстраціга Міхаіла па-народнаму называўся проста «Цуда». Гэта не было свята, і лічылі, калі хто сее жыта, ды не ведае, што за дзень, то ўродзіць цудоўная збажына, а калі хто ўведае ці згадае, але не спыніць работу — з ураджаю атрымаецца «цуда» наадварот. На Магілёўшчыне распачатую малацьбу спынялі ў дзень Цуда, бо яна, як і распальванне агню ў гумне (найверагодней па асацыяцыі з ударамі перуна і бліскамі маланкі), пагражае спаліць пабудову.
20/7. Сазонт, Іван, Макар, Серапіён, Лука.
21/8. Свята Раства Маці Божай шмат у чым пераклікалася з Прачыстай, але было як бы рангам ніжэй, што выявілася і ў назвах: Малая (меншая, другая) Прачыстая (у параўнанні з Вялікай, большай, першай), Спожка (у параўнанні са Спажой), Другі святок. Пачынаўся адлік дням чарговай пары года: «Другі святок — восень, браток». Была і свая назва ў гэтага свята, што з найбольшай яскравасцю сведчыла пра канчатковы набытак селяніна з яго нівы: Багач. I, як заўсёды, святочны дзень не толькі падсумоўваў зробленае, але і настройваў на далейшыя работы: «Багач — бярыся за рагач (саху), ідзі пад авёс гараць»; «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку». Ад цяжкіх работ пад восень ужо добра такі стамляліся, асабліва жанчыны: «Да Багача баба рабача, па Багачы — хоць за плот валачы». На Віцебшчыне жанчыны хадзілі па ільнішчах і на кожным прыгаворвалі: «Няхай будзіць лён такей даўгей, сколькі мы прайшлі». У заходніх раёнах на Багача забівалі жывёліну, а гаспадара, які шкадаваў зарэзаць барана, перасцерагалі, што таго барана воўк парве. Назіралі за жывёлай, каб рабіць прагнозы з наступленнем зімы: калі пасля Малой Прачыстай жывёла імкнецца на пашу вельмі рана, то і зіма будзе ранняя. Сапраўды, прадчуваючы зазімкі, жывёла рвецца, каб у апошнія дні паболей скубянуць свежай травы.
22/9. Якім, Ганна, Язэп, Хвядос, Феафан, Харытон, Мікіта.
23/10. Павел, Андрэй, Клімент, Пульхерыя, Пятро.
24/11. Хвядора, Сяргей, Герман, Дзмітры, Ія. «На Тадору ўсякае лета канчаецца».
—Ой, восень мая, восень сцюдзёная,
Чаго ты рана захаладала?
—Я й не раненька, я й не позненька —
Калі мая пара прыйшла:
Лісточак апаў, зямельку ўслаў,
Вось мая і пара прыйшла...
25/12. Сямён, Юльян, Хведар.
26/13. Лявонцій, Юльян, Лук'ян, Валяр'ян, Пятро.
27/14. Узвіжанне (Здзвіжанне) — так у народзе называлася царкоўнае свята, звязанае з ушанаваннем крыжа, які ўздымаўся («воздвигался» — адсюль і назва свята) над натоўпам вернікаў. Народнае тлумачэнне назвы немудрагелістае: «К Здзвіжанню ўсё павінна быць здзвінута», г. зн. усе азімыя і яравыя павінны быць звезены з поля. На Капыльшчыне тлумачылі і так: «На Узвіжанне сонца, калі ўсходзіць — гуляе, прыгае, дзвіжацца» (звычайна гэта прыродная з'ява прыпісваецца Вялікадню ці Купаллю). Песня раіла на Узвіжанне «з поля збіраць, бульбу капаць, сцяліць лянок». Чым далей гартаецца народны каляндар, тым часцей згадваецца пра надыход халадоў: «На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы». Гэта, па ўсім, апошняе свята, якое канчаткова развітваецца з летам. Ключы ад лета — у шызай галачкі, і яна, адлятаючы ў цёплыя краі, замыкае яго і забірае з сабою ключы. Апрача адлёту птушак, вельмі значнай з'явай дня быў для народнага ўяўлення яшчэ адзін рух («здзвіжанне») у прыродзе — выпаўзалі ўсе змеі і збіраліся разам, каб адправіцца на зімовы сон да вясны: «Ва Узвіжання пару гадзюкі і вужакі хаваюцца ў нару». Першы вясновы і апошні восеньскі змяіныя ўкусы лічыліся самымі небяспечнымі, таму на Узвіжанне пабойваліся хадзіць у лес, асабліва ж наказвалі тое дзецям. Легенды пра сыход змей на Узвіжанне пашыраны ў беларускім фальклоры. У іх заўжды малюецца на чале змяінага шэсця Цар-змей з залатой каронай (ці рожкамі). Следам за ім — незлічоныя падданыя-паўзуны. Цар вылучаецца сярод усіх сваёй велічынёю і лускою з серабрыстым адлівам. Шэсце рухаецца па непраходных для чалавека мясцінах, і калі раптам камусьці здаралася сустрэцца са змяіным «выраем», то варта было разаслаць перад царом абрус з хлебам-соллю і пакланіцца да зямлі, як той, прапаўзаючы праз абрус, у падзяку скідаў з кароны залаты ражок. Уладальнік такога ражка нібыта набываў незвычайную мудрасць і праніклівасць, здольнасць угадваць чужыя думкі, выходзіць з самых цяжкіх абставін; на яго таксама не дзейнічаў змяіны яд. Нягледзячы на страх перад змеямі, Узвіжанне на Палессі з'яўлялася першым днём агульнага збірання журавін.
28/15. Мікіта, Акакій, Максім, Хвядот, Парфірый, Сцяпан, Язэп.
29/16. Віктар, Дарафей, Людміла, Язэп, Ісак. У каталіцкім календары гэта дзень Міхаіла, які прадказваў надвор'е: «Калі на Міхала з поўначы вее, то не мей на пагоду надзеі». Ясная ноч абяцала трывалую зіму.
30/17. Вера, Надзея, Любоў, Соф'я.
Калі на працягу верасня ліст на дрэвах трымаецца моцна — зіма няскора прыйдзе.
Кастрычнік
Другі месяц восені — кастрычнік. Гэта той самы, які «зямлю балоціць, а лес залоціць», з-за чаго ён «ні калёс, ні палоз не любіць». Вядома ж, «у кастрычніку снег — толькі на грэх». У гэтай няўтульнасці пасля ласкавага лета гаспадар з дастаткам пачуваў сябе задаволена: «У кастрычніку насмаркаць багачу, я свой сноп малачу!»; «У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі». I сталая восень не дазваляла надта адрывацца ад працы. Усе святкаванні гэтай пары— нібы кароткія перадышкі ва ўмовах падрыхтоўкі да зімы. У кастрычніку было, бадай, адно значнае свята — Пакроў, але тыдзень перад ім меў сям-там сваю прыкметнасць.
1/18. Арыядна, Соф'я, Ірына.
2/19. Трафім, Хведар, Давыд, Кастусь.
3/20. Астап, Міхал, Хведар, Алег.
4/21. Дзмітры, Даніла, Андрэй, Язэп, Іпацій, Ісак, Мялецій, Яўсей.
5/22. Іона, Фока, Хведар, Пятро, Макар.
6/23. Іван, Інакенцій, Паліксена, Іраіда, Андрэй, Пятро.
7/24. Тэкля, Нікандр, Галакціён, Уладзіслаў.
7—14/24—1. Гэты тыдзень перад святам Пакрова на Мядзельшчыне называўся «бабіным летам» (у адрозненне ад амаль паўсюднага вераснёўскага). Варажылі на «шчаслівую бабулю» (бабку-пупарэзніцу). Усе дні «бабінага лета» загадзя «раздаваліся» «бабулям», якія прымалі роды ў наваколлі: панядзелак — Тэклі, аўторак — Юстыні, серада — Марцэлі і г. д. Калі дзень выдаваўся сонечны, ціхі, вясёлы, значыла, што рука ў «бабулі» лёгкая, шчаслівая, і роды адпаведна пройдуць лёгка, а дзіця будзе мець шчасце. Звычайна на Беларусі ў гэтыя дні ўсталёўваецца прыгожае надвор'е, і пагоднасць дзён увасабляе такім чынам шчасце «бабуль». Светлая варажба надавала парадзіхам упэўненасці ў добрым зыходзе іх цяжарнасці. На гэтым тыдні адзначаліся па вёсках і іншыя прысвяткі.
8/25. Ефрасіння, Сяргей, Герман, Пафнуцій.
9/26. Іван Багаслоў (Благаслоў, Багуслаў, Шаптун). Гэты дзень — мяжа ўсім шчыраванням дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае благаславенне на спакой да самае вясны. Няўпраўнасць гаспадара дакаралася ў народзе: «Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты добрага слова». Галоўнай жа прыкметай дня быў пачатак восеньскіх вяселляў — свацці і жаніхі дамаўляліся пра дзяўчат на выданні, што як закон гучыць у прыказцы: «Іван Багуслаў дружкі разаслаў».
Бяроза з лістом, бяроза з лістом усю восень шумела:
— Мая бярозка, мая белая, як мы расстанемся?
— Ты мой лісточак, ты мой зялёны, так мы расстанемся:
Ветры павеюць, цябе абвеюць, а я застануся.
— Мая бярозка, мая белая, я ж цябе не забуду,
На вясну к табе буду.
Дачушка з мамкай, дачушка з мамкай усю ночку гуляла:
— Мая матулька, мая родная, як мы расстанемся?
— Сваты прыедуць, цябе возьмуць, а я застануся.
— Мая й матулька, мая й мілая, я ж цябе не забуду.
Зараз у госцікі буду.
10/27. Савацей, Калістрат, Марк, Арыстарх, Ігнат. А імені Францішка з каталіцкага календара шукалі асацыяцый з апусцелым на гэтую пару полем, што і адзначана ў вуснай народнай творчасці: «На святога Францішка шукае зярнят у полі мышка».
11/28. Харытон, Антон, Прохар, Іван, Хведар, Васіль, Варлам, Апанас, Анатоль, Мікола, Рыгор, Спірыдон, Ілля, Вячаслаў.
12/29. Кірыяк, Феафан.
13/30. Рыгор, Міхал.
14/1. Пакроў (Пакравы, Пакрова). Само слова праваслаўная царква тлумачыла літаральна: пакроў (пакрывала) Божай Маці. У народнай жа трактоўцы гэта паняцце атрымлівала куды больш шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя прыкметы прыроды: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам», «...рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом»; «Святэй Пакроў стагі пакрыў: першы стажок дранічкамі, другі стажок саломкаю, трэці стажок белым снегам». Гаварылі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю пасля Пакрова, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў. На Віцебшчыне існаваў звычай пячы на свята пірог і абыходзіць з ім усе гаспадарчыя будыніны, прыкладаючы да кожнае страхі, каб буры, што пачынаюцца ад Пакрова, не разбуралі стрэхі. Прыгадаем, што абыходзілі з хлебам палеткі вясною і менавіта на Юр'я, калі зямля «адмыкаецца» ад сіл, якія скавалі яе. Юр'е і Пакроў яднаюцца між сабою тым, што з першым звязаны выган жывёлы пасля зімы, а з другім — пачатак зімавання скаціны ў хляве («Пакрова — зарыкала ў хляве карова»). На Пакроў трэба было закласці ў яслі корму, нават калі жывёла была сытая: «На Пакровы дай сена карове». Дзякуючы фанетычнай сугучнасці свята Пакрова сабрала шмат прыкмет і парадаў, звязаных з каровамі: «Прыйшла Пакроўка — не дала малака кароўка» (г. зн. запускаецца) або — у дачыненні да нерухавага гаспадара: «Хто сее на Пакрове — не будзе мець чаго даць карове». Пакроў лічыўся надзейным паказчыкам прагнозаў надвор'я на даволі аддаленыя дні і нават на цэлыя поры года: «Калі да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу»; «Якое надвор'е ў дзень Пакрова, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны»; «Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ дзве нядзелі»; «Калі ад Пакроў да свята Усіх Святых (1 лістапада) краты зямлю точаць, то зіма будзе снежна і марозліва». Асабліва пільна сачылі на Пакрова за напрамкам ветру: з якога боку ён быў у гэты дзень, з таго боку ён павінен дзьмуць галоўным чынам і ў бліжэйшую зіму. Зыходзячы з таго пераканання, што поўдзень заўсёды нясе цяпло, а поўнач — холад, сцвярджалі, што паўночны пакроўскі вецер прадказвае суровую зіму, а паўднёвы — мяккую, гнілую. Калі ж з раніцы задзьме ўсходні вецер — зіма будзе маласнежная, заходні — наадварот, вельмі снежная. Прагноз на свае поспехі ці няўдачы рабілі некалі ў Барысаўскім павеце пчаляры: дажджлівы дзень Пакрова — прыкмета таго, што на наступны год пчолы збяруць багата мёду. У гэту вясельную пару хлопцы па вёсках выглядалі сабе нявест, а тыя напярэдадні Пакрова варажылі на замужжа. На Брэстчыне набіралі ў хвартух апалае лісце і пасля вытрасалі з прыполу — куды вецер панясе, туды і замуж ісці. У іншых мясцінах пяклі салёныя блінцы і перад сном з'ядалі, задумваючы, каб сасніўся і напаіў той, хто наканаваны лёсам. Як сцвярджала прыказка: «Ад Пакрова ўжо дзеўка гатова». З марамі пра замужжа дзяўчаты прасілі святы Пакроў пакрыць іх галаву вянком (чапцом): «Пакравы прыйдуць — дзеўцы галаву накрыюць». Калі ж вяселле на гэты раз абмінала хату, то «Праходзіць Пакрова — раве дзеўка, бы карова».
14—21/1—8. Тыдзень пасля Пакрова на Мядзельшчыне называўся «дзявоцкае лета» ў адрозненне ад «бабінага». Усе дні размяркоўвалі між дзеўкамі і дзяўчынкамі, якіх ужо прынялі «ў дзеўкі», і варажылі пра добры характар будучых маладух. Калі дні стаялі пагодныя, сонечныя, значыць, і характар у дзяўчат павінен быць людскі, ласкавы. Далікатныя абмеркаванні і размовы змушалі дзяўчат, якім не зашкодзіць, удумліва глянуць на сябе і на свой нораў.
15/2. Кіпрыян, Юстыня, Феакціст, Андрэй, Ганна, Касьян, Давыд, Кастусь.
16/3. Дзяніс, Іван.
17/4. Ерафей, Гурый, Варсанофій, Уладзімір, Яўсей, Пятро, Вірынея, Вераніка, Павел, Сцяпан.
18/5. Пятро, Аляксей, Іона, Піліп, Дзям'ян, Мацей, Рыгор, Дзяніс.
19/6. Фама.
20/7. Палагея, а таксама Сяргей — яго дзень у асобных кутках лічылі пачаткам зімы, хоць за сапраўдную зіму прымалі незалежна ад даты тую пару, калі прыціснуць маразы ды выпадзе снег.
21/8. Палагея, Дасіфей, Трыфан, Таіса.
22/9. Якуб, Андронік, Максім, Пятро.
23/10. Яўлампія, Амбросій, Андрэй, Феафіл.
24/11. Піліп, Феафан, Зінаіда.
25/12. Дзень Марціна з праваслаўнага календара меў сваю прыказку: «Марцін святы — губіцель гагаты». Пад «гагатой» разумеліся патлусцелыя за лета гусі, якіх к прысвятку смажылі ці везлі прадаваць.
26/13. Карп, Веніямін, Мікіта.
27/14. Назар, Параскева, Мікола, Сільван.
28/15. Яўхім, Лук'ян, Іван, Савін.
29/16. Святому Лонгіну маліліся хворыя на вочы, бо ён лічыўся ў народзе лекарам такіх хвароб.
30/17. Андрэй, Антон, Кузьма, Дзям'ян, Лявонцій, Лазар.
31/18. Дзень Лукі ў Гомельскім павеце называлі прысвяткам іканапісцаў. Паўсюль спраўляліся восеньскія вяселлі, шчаслівыя сваты задаволена канстатавалі: «На Лукаша — дзеўка наша». Адзначаны ў той жа дзень Юльян лічыўся захавальнікам малых дзяцей.
На трэцім тыдні пасля Пакрова, у суботу (дата непастаянная), напярэдадні Змітравага дня, па ўсёй Беларусі адзначаўся агульны памінальны абрад, вядомы як восеньскія (Змітраўскія) Дзяды, ці Змітраўка. Шмат дзе памінкі абмяжоўваліся рытуальнай вячэрай у хаце. Але ў многіх мясцовасцях (у Барысаўскім, Вілейскім, Слонімскім, Пінскім і іншых паветах) усёй сям'ёй ішлі на могілкі. Абкладвалі магілы дзёрнам, камянямі, ставілі ці мянялі крыж або якія іншыя помнікі. Маліліся, галасілі, звяртаючыся да нябожчыкаў, як да жывых. Дома рабілі памінальны стол, да якога старанна рыхтаваліся загадзя. Сядзелі доўга, прытрымліваючыся строгага парадку чаргавання страў, сярод якіх былі любімыя нябожчыкамі. Не падымалі лыжак ці кавалкаў стравы, якія незнарок падалі — маўляў, мёртвыя імі пакарыстаюцца. З'яўленне якога-небудзь матыля ўспрымалі як прылёт душы продка.
Назва апошняга восеньскага месяца заступае сваё месца з некаторым спазненнем, бо лісты з дрэў ў асноўным паападалі, з чым згаджаецца і такая выразная пейзажная прыкмета: «У лістападзе гола ў садзе». Зіма ўсё смялей заяўляе пра сябе, адцясняючы мокрую, але ўпартую восень, і сутычка дзвюх пор года дае магчымасць зямляробу меркаваць пра наступны ўраджай: «Лістапад снегу надуе — хлебу прыбудзе, а вада разальецца — сена набярэцца». Што да нарыхтоўкі запасаў на зіму, то існуе нямала парадаў накшталт: «У лістападзе кладзі капусту ў кадзі».
1/19. Іван, Клеапатра. А ў каталіцкім календары — дзень Усіх Святых, калі адбываецца агульнае памінанне нябожчыкау. Народная творчасць, абыгрываючы назву гэтай урачыстасці, паведамляе пра змены надвор'я: «Па Усіх Святых — холад для ўсіх»; «Усе Святыя як засваволяць, дык дрэвы дарэшты аголяць».
2/20. Арцём.
3/21. Ларывон, Феафіл, Якуб.
4/22. Святкаванне абраза Казанскай Божай Маці. Асаблівасці надвор'я нібыта змяшчалі ў сабе характар будучай зімы: «Што Казанская пакажа, тое й зіма скажа». Спрыяльным гэты дзень быў для тых, хто браў шлюб: «Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца»; «Да Казанскай не зіма, пасля Казанскай — не восень».
5/23. Якуб, Ігнат, Алісей.
6/24. Феафіл, Апанас.
7/25. Маркіян, Анастас.
8/26. Дзмітры (Зміцер). Гэты дзень выглядае ў народнай паэзіі своеасаблівым апагеем вясельнай тэмы: «Святы Змітры — людзі хітры, чаны параць, піва вараць, сыноў жэняць, дачок даюць». Да пэўнага часу дзяўчаты яшчэ маглі перабіраць жаніхоў, але пазней з-за набліжэння посту спяшаліся з вяселлямі: «Да Дзмітра баба хітра, а па Дзмітры — мужчыны хітры». У залежнасці ад надвор'я заканчваўся выпас жывёлы, і такім рубяжом мог стаць не толькі названы раней Пакроў, але і Змітраў дзень: «Да Змітра пасуць, а па Змітры пільнуюць». Лічылі таксама, што на працягу тых месяцаў, калі жывёла зімуе ў хляве — ад Змітраўкі да Юр'я, воўк нападае на ўсялякіх жывёлін і есць без разбору. З паваротам гадавога кола карціны прыроды ў прыкметах і прыказках малююцца ўсё больш стрыманымі, халоднымі фарбамі: «Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў»; «Святы Зміцер грудамі гвоздзіць». Па Змітраваму дню глядзелі наперад: «Калі Змітра на снезе, то і Каляды на снезе, а вясна позняя».
9/27. Нестар, Андрэй, Капіталіна, Марк. Да гэтага дня, як і да Тодара з каталіцкага календара, ураджай па гаспадарках даўно сабраны, але селяніну прыемна было лішні раз падкрэсліць сваю спраўнасць: «На святога Тадора — поўная камора».
10/28. Параскева, Цярэнцій, Неаніла, Фот, Фядул, Сцяпан, Арсень, Дзмітры, Максім, Іван. У дзень Параскевы Пятніцы, якая лічылася апякункай прадзіва, забаранялася прасці, ткаць, а таксама выносіць попел і рабіць луг для мыцця бялізны, мужчынам — араць. Гэтаксама шанаваліся пятніцы напярэдадні дванадзесятых свят, перад Іллёю, перад Пакровам. Многія жанчыны ўстрымліваліся ад прадзіва па пятніцах на працягу ўсяго года. Гаварылі, што ручнік, які нейкі час павісеў на абразе святой Параскевы, атрымлівае гаючую сілу і тыя, хто моліцца, выціраюць ім твар і хворыя вочы.
11/29. Настасся, Аўрам, Марыя, Клаўдзія, Ганна. На прысвятках Настусі пачыналі стрыгчы авечак. Дзень Марціна, які ў каталіцкім календары супадаў з гэтым днём, прызнаваўся ў народзе прысвяткам млынароў, таму што пасля яго ледзяная корка скоўвала рэчкі, і тады на млынах спынялася работа. Ад надвор'я на Марціна (яго ў асобных вёсках таксама лічылі пачаткам зімы) залежалі, думалася, не толькі паасобныя наступныя дні, але і цэлыя сезоны. Напрыклад, калі Марцін з'яўляўся з дажджом ці разводдзем, то гэтым абяцаў на Каляды лёд і пазней — мокрае лета. Гаварылі, што на Марціна мядзведзь кладзецца ў бярлогу і пачынае смактаць лапу, на Стрэчанне — пераварочваецца і смокча другую лапу, а на Благавешчанне — выходзіць з бярлогі.
12/30. Зіновій, Марк, Настасся, Сцяпан, Алена, а таксама Арцём, да якога смаленскія беларусы звярталіся: «Святэй Артошка, напрадзі пачатак з лукошка, а клубок з карабок, а мальчык, напрадзі пачатак з пальчык».
13/31. Стах, Спірыдон, Нікадзім, Маўра.
14/1. На Кузьму-Дзям'яна па гумнах ішла малацьба: «Кузьма з Дзям'янам на восець содзяць, на помач просяць малыя святкі: «Бярыце цапкі». Магчыма, па аналогіі з такім заняткам ці з-за сугучнасці «Кузьма — кузня» гэты дзень лічыўся прысвяткам кавалёў. Чаргаванне маразоў, якія скоўвалі зямлю і ваду, і адлігі вобразна схоплена ў прыказцы: «Кузьма закуе, а Міхал раскуе». Да Піліпавага посту заставаўся невялікі адрэзак часу, і дзяўчат яшчэ не пакідала надзея на замужжа. Дзень Кузьмы-Дзям'яна асабліва шанаваўся імі, таму што гэтыя святыя, на іх думку, спрыялі вяселлям.
15/2. Афоній, Маркіян.
16/3. Язэп, Георгій.
17/4. Нікандр, Меркурый.
18/5. Галакціён, Іона, Рыгор.
19/6. Павел, Варлам, Лука, Герман, Аляксандра, Клаўдзія, Ефрасіння, Матруна.
20/7. Апанас, Нікандр, Нікан, Хведар, Валерый, Яўген, Епіфан, Дарафей, Хвядот, Лазар, Юрыл.
21/8. Дзень Міхал а прыходзіў, як спявалі ў песні, «з халодным вятром». Між ім і Міколам зімовым, які надыходзіў амаль праз месяц, народная метэаралогія ўстанавіла непасрэдную залежнасць: «Калі на Міхайлаў дзень сціснець (мароз), то ў Міколаў дзень адпусціць»; «Калі Міхайла ў снягу, то і Пасха ў снягу, а як не — дык і не» (Шумілінскі раён). Палявыя работы даўно ўжо былі скончаны, што таксама было адзначана: «Прыйшоў Міхал — усіх з поля паспіхаў». У Рэчыцкім павеце напярэдадні Міхалавага дня праводзіліся памінанні нябожчыкаў.
22/9. З дня Матруны (і не толькі з яго, як пераконваюць шматлікія народныя выказванні) дзе-нідзе лічылі, што «становіцца зіма». Калі на Матруну шэрань на дрэвах — будуць маразы, туман — чакай адлігі.
23/10. Алімп, Радзівон, Арэст, Мілій, Кастусь.
24/11. Міна, Віктар, Вікенцій, Стэфаніда, Хведар, Максім, Сцяпан, Марцірый.
25/12. Іван Міласцівы. Ва ўгоду святому на Палессі стараліся з кім-небудзь хоць чымсьці падзяліцца, што маеш, пазычыць, падараваць. Калі на Івана Міласцівага дождж або снег, то ажно да Грамніц трэба чакаць адлігі.
26/13. Іван, Нічыпар, Герман, Манефа.
27/14. Святога Юстыніяна беларусы лічылі збавіцелем ад бясплоднасці. На абразах ён быў намаляваны з дзіцем на руках у малітве перад іконаю Божай Маці. Бяздзетныя сяляне ці тыя, у каго паміралі дзеці, абавязкова мелі абраз святога Юстыніяна ў сваім доме. Другі святы гэтага дня — Піліп, як казалі ў народзе, «дзеці адзявае». Стараліся закончыць прадзіва, бо пасля так званай Піліпаўкі наступае пара ткацтва.
28/15. Гурый, Паісій, Маркел, Дзмітры. Ад гэтага дня пачынаецца апошні ў годзе пост — Калядны, або Піліпаўскі (Піліпаўка), які працягваецца да самых Каляд. Уважлівае вока падглядала: «Калі да Піліпавых заговін мянтуз намеча ікру — зіма атыйдзе раней; адваротнае здарыцца, калі мянтуз меча ікру пазней, перад днём восеньскага Юр'я»; «Калі непагадзь суправаджае Калядныя запусты, то можна разлічваць на ўраджайнае лета»; «На Піліпаўку пагода хмарная або снежная — травень будзе мокры». З Піліпаўкі, калі, паводле народнага выказвання, «дзень толькі да палудня», а потым ужо цямнее, пачыналіся вячоркі і попрадкі: «Спорны піліпаўскі клубок, а пятроўскі стажок». Наколькі плённай была работа цяпер, настолькі ж плённы быў затым і наступны этап — ткацтва: «Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш». Казалі, што гэтым часам ваўкі збіраюцца ў зграі.
29/16. На Мацея надвор'е звычайна яшчэ вельмі няпэўнае, восень ніяк не саступае зіме, і гэта асаблівасць стану прыроды перададзена ў каляндарнай прыкмеце: «На Мацея дарога (зіма) пацея».
30/17. Рыгор, Нікан, Сяргей.
Снежань
I вось, нарэшце, надыходзіў апошні месяц года, які «зямлю грудзіць, хаты студзіць, год канчае, зіму пачынае». У беларускай і ўкраінскай мовах самі назвы сведчаць пра характар гэтага месяца: «снежань», грудень». Па ім, лічылі ў народзе, раўняліся вясна і лета. Будзе снежань сухі — і яны будуць сухія, а выдасца цёплы, дык і лета такое ж: «У снежні адкрытае вуха — летам горача і суха». Правяралі і ўрадлівасць наступнага лета: «У снежні мароз і снег вышай хаты — год будзе багаты». Разважалі: калі 1 снежня пагода — пагодная і ранняя будзе вясна; які дзень 2 снежня — такое надвор'е чакаецца ў сенакос; якое 3 снежня — такім яно будзе ў жніво.
1/18. Платон, Раман.
2/19. Аўдзей, Варлам, Ларывон.
3/20. Рыгор, Прокл, Астап, Анатоль, Язэп, Іван, Ісак, Іпацій, Фёкла, Ганна.
4/21. Увядзенне. Назву афіцыйнага свята праваслаўнай царквы народ тлумачыў па-свойму: «Бог прыводзіць зіму на зямлю». Як зіма павядзе сябе ў гэты дзень, такая яна ў асноўным уся будзе. Прадугледжвалася магчымае пацяпленне: «Уведзенне разбіваець ледзенне». На Чарнігаўскім Палессі дзяўчаты-беларускі, кладучыся спаць напярэдадні свята, загадвалі: «Святое Увядзенне, вядзі мяне туды, ідзе мне жыць». I спадзяваліся сасніць хату будучага мужа.
5/22. Філімон, Архіп, Міхал, Яраполк, Пятро, Валяр'ян, Пракоп.
6/23. Рыгор, Аляксандр, Аляксей, Мітрафан, Макар, Хведар.
7/24. На Кацярыну варажба працягвалася: дзяўчаты пяклі ляпёшку на адной солі і з'ядалі яе перад тым як легчы спаць, каб у сне «суджаны-раджаны» падаў вады. Усё больш упэўнены наступ снежнай зімы адчуваўся з кожным днём: «Прыйшла Кацярына — прыйдзе і пярына».
8/25. Клімент, Пётр.
9/26. Восеньскі (ці зімовы) Юр'я. Пра яго гаварылі, што ён «грудай гвоздзіць». Юр'я і Мікола святкуюцца і ўвесну і ўвосень з невялікім перапынкам адзін пасля другога. Гэтыя святыя разам пастаўлены і ў шматлікіх веснавых і восеньскіх прыказках: «Вясною Георгі, летам Мікалай — з кормам; увосень — з мостам, зімою — з гвоздам» або «Юрай масціць, а Мікола гваздзіць (грудзіць)». Перагукваўся восеньскі Юр'я (халодны) са сваім веснавым цёзкам (галодным) і ў народнай прыкмеце: «Колькі на асенняга Юр'я снегу, столькі на вясенняга — травы». Як і той, гэты Юр'я меў дачыненне да свойскай жывёлы і драпежнікаў, толькі рабіў зусім адваротнае: «Асенні Юрай адмыкае раты ваўкам, такім чынам, з гэтага дня крыважэрныя ваўкі пачынаюць хадзіць табунамі і нападаць на скаціну». У дзень зімовага Юр'я падстрыгаюць грывы і хвасты коням, а таксама аднімаюць ад кабыл жарабят-смактуноў і ставяць іх у асобныя хлявы да вясны.
10/27. Якуб, Паладзій, Гаўрыла, Раман.
11/28. Сцяпан, Хведар, Васіль, Рыгор.
12/29. Парамон, Акакій, Нектарый.
13/30. Дзень святога Андрэя асабліва славіўся варажбою дзяўчат, прымеркаванай менавіта да яго. «Высявалі» насенне канапель ці льну на калодзежы, ля палонкі, у пасцелі. Уяўнае высяванне было невыпадковае — дастаткова прыгадаць, што вясною, 28 красавіка, таксама ў дзень Андрэя, прынамсі на Палессі, звычайна сеялі каноплі. Водгукі гэтага занятку чуюцца ўвосень і нібы змыкаюць агульнай справай двух цёзкаў. Само дзеянне варажбітак — сяўба насіла яўна сімвалічны характар: як засеянае павінна ўзысці, так і загаданае павінна ажыццявіцца ў недалёкім будучым: «Святы Андрэю, я каноплі сею, дай мне знаць, з кім буду рваць». Каб жаданні збываліся, дзяўчаты цэлы дзень пасцілі і пазбягалі размоў. Калі кінутае ў агародзе насенне ўсё на весну прарастала, гэта абяцала шчаслівы шлюб, калі ўзыходзіла зрэдку — чакала бязрадаснае замужжа, калі насенне зусім не ўзыходзіла — гэта нібыта быў знак на смерць. На трох прыкрытых талерках клалі пярсцёнак, ружанец і кветку; хто з дзяўчат выцягне пярсцёнак — тая пойдзе замуж, кветку (сімвал цнатлівасці) — застанецца ў дзеўках, ружанец — пойдзе ў манастыр.
14/1. Прарок Навум, сваім імем выклікаў адзіную асацыяцыю: «ум». Пра яго гаварылі так: «Навум розуму навучыць» або «Навум наставіць на вум». Таму і імкнуліся з гэтага дня вучыць грамаце дзяцей, спадзеючыся, што яны дзякуючы Навуму хутчэй і лепш засвояць навуку.
15/2. Авакум, Апанас, Андрэй, Іван, Сцяпан.
16/3. Сафонія, Сава, Фядул, Іван, Хведар.
17/4. Варвара. Яе імя таксама вельмі красамоўна абыгрывалася народам. Галоўнае, што адзначаў селянін, гэта як ад Варвары паступова пачынае прыбываць дзень («на казіны скок»), такім чынам, былі ўсе падставы «папракнуць» яе за тое, што яна, Варвара, «ночы ўваравала, а дня прытачыла». Другое сугучнае выкарыстанне імені Варвары ў прыкметах — што «Варвара варыць», г. зн. на яе дзень магчыма параўнальна цёплае надвор'е напярэдадні вялікіх маразоў. Цёплая пагода на Варвару прадказвала добры ўраджай ільну на лета. Гэты дзень быў «бабскім» святам, таму не пралі кудзелі, але талакно малоць і лён трапаць дазвалялася. Адзначалі яго і як свята надрэчных вёсак дзеля таго, каб дзеці і жывёла не тапіліся. Каб лепш пладзілася жывёла і вялася скаціна, у адных мясцінах пякліся пірагі з макам, якія называлі «варэнне» (зноў жа блізка да імені Варвары з яўным разлікам на яе спагаду), у другіх кутках ляпілі з пшанічнага цеста галовы, рогі, ногі, капыты, вушы і кармілі спечаным худобу. У абодвух выпадках праглядваецца культ Варвары як заступніцы хатняй жывёлы.
18/5. Сава (Саўка), як і Варвара, быў «бабскім» святам з тымі ж правіламі. Паколькі ён ішоў непасрэдна перад Міколам, то зваўся «Міколіным бацькам». Пра гэту «тройцу» гаварылі: «Барбара мосціць, Саўка цвякі вострыць, а Мікола прыбівае», маючы на ўвазе паступовае нарастанне маразоў. Калі на Саву надта дзьмуў вецер, такога ж ветру трэба было чакаць усю квадру пасля Пятра.
19/6. Мікола зімовы. Менавіта ён выступае пачынальнікам сапраўднай зімы: «Да Міколы няма зімы ніколі». I Мікола зімовы, і Мікола летні як бы адкрывалі кожны свой сезон: «Мікола — сапраўдная зіма, Мікола — сапраўднае лета». Ды зноў жа надвор'е, якое год на год не прыпадала, уносіла папраўкі ў народныя назіранні, і, часам ашукаўшыся, казалі: «Ніводнаму Міколе не вер ніколі». Затрымка зімы на Міколу была знакам, што маразы прыйдуць няскора і наогул уся зіма будзе бяспутная. Мікола зімовы быў далучаны земляробам да будзённых гаспадарчых разлікаў і прагнозаў: «Беражы сена ад Міколы і да Міколы і не бойся зімы ніколі» — гарантавала прыказка, адзначыўшы прыблізна, колькі трэба трымаць у хляве жывёлу. Пра пачатак веснавой сяўбы і пра плён у полі меркавалі так: «Калі іней будзе раней Міколы зімовага, то трэба сеяць ранні ячмень, калі пазней Міколы — позні»; «Іней, які пакрывае дрэвы на Міколу, прадказвае добры ўраджай ільну».
20/7. Амбросій, Ніл, Антон, Іван, Павел.
21/8. Патап, Кірыл, Анфіса.
22/9. Ганна. Калі на Варвару ці Міколу яшчэ былі сумненні наконт дарог, якія то падмярзалі і добра пакрываліся снегам, то зноў ператвараліся ў гразь, збіваючы з толку селяніна пры яго выездзе на кані, дык ужо гэты прысвятак амаль узаконьваў пераход на зімовы транспарт: «На Ганкі сядайце на санкі». Ад Ганны, прыкідвалі, пачынаецца паступовы паварот на лета, насуперак якому будуць меншаць сілы ў чалавека, калі ён не паспеў назапасіць іх. Па дню Ганны вызначалі надвор'е, якое будзе роўна праз паўгода, кіруючыся прыказкай «па зіме і лета». Шукалі падабенства: снег — да дажджу, мяцеліца — да ветру з дажджом, мароз — да яснай пагоды, адліга — да цёплага дажджу і г. д. Сама ідэя павароту ўвасаблялася ў такім вось звычаі. Калісьці на Ганну, толькі прачнуўшыся, абходзілі хлявы, каб падняць на ногі кожную жывёліну і павярнуць яе галавой да выхаду; потым абыходзілі клеці і свірны, гумны і пуні, каб павярнуць кожную рэч, асабліва перамяшаць насеннае зерне. «Усё гэта трэба зрабіць дзеля дабратворнага павароту на лета, якое цяпер пачынае, відаць, «бліжаць да людзей» (М.Я.Нікіфароўскі). Яшчэ зіма толькі пачыналася, яшчэ самыя жорсткія маразы і суровыя завірухі былі наперадзе, а селянін ужо ў думках парываўся да веснавога абуджэння прыроды. Сваімі рытуальнымі дзеяннямі ён нібы дапамагаў рухацца няспыннаму колу часу.
23/10. Міна, Яўграф, Фама, Ангеліна, Іван, Сцяпан.
24/11. Даніла, Нікан, Лука.
25/12. Спірыдон, Ферапонт, Аляксандр.
26/13. Яўстрат, Аўксенцій, Яўген, Арэст, Аркадзь, Арсень, Нікадзім.
27/14. Фірс, Калінік, Філімон, Апалоній.
28/15. Павел, Сцяпан, Трыфан.
29/16. Агей, Феафанія.
30/17. Дзень Сцяпана знамянальны тым, што заканчваўся тэрмін службы парабкаў. Чалавек, які ад Каляд і да Каляд працаваў на свайго гаспадара, мог адчуць сябе, нарэшце, больш-менш вольным: «На святы Сцяпан кажан парабак сабе пан!» Парабак дарабляў абгавораны тэрмін і спадзяваўся ў наступным годзе на больш выгадную дамоўленасць: «На святога Сцяпана найду другога пана».
Тыдзень, тыдзень да Каляд,
Наш пан чэлядзі не рад,
Пайшла чэлядзь скачучы,
А пан за ёю, плачучы:
— Вярніся, чэлядзь, вярніся,
На другі гадок найміся.
— Скажу, пан, табе без спорак,
Мне ўжо твой хлеб стаў горак.
Аддай, пан, мне каляду,
Ужо я ад цябе пайду.
31/18. Севасцян, Марк, Клаўдзій, Віктарын, Сымон, Флор Міхал, Зоя, а таксама ўгоднік Мадэст, які лічыўся захавальнікам жывёлы.
* * *
Адначасова са святамі і прысвяткамі, якія маюць з году у год стабільныя дні правядзення, каляндар (як афіцыйны царкоўны, так і народны) змяшчае таксама шэраг вялікіх святкаванняў і проста прыкметных падзей, не прывязаных да строга вызначанай даты. У ліку такіх выступаюць урачыстасці, непасрэдна залежныя ад рухомага дня Вялікадня (ён можа святкавацца ў перыяд між 4 красавіка і 8 мая, заўсёды ў нядзелю). Кожнае са свят гэтага цыкла знаходзіцца на пэўнай часовай адлегласці ад Вялікадня (ці перад ім, ці пасля яго), і штогод усе яны сінхронна перамяшчаюцца адпаведна з часам правядзення свайго кульмінацыйнага свята.
За 10 тыдняў перад Вялікаднем з панядзелка пачынаецца тыдзень мытара і фарысея, які зваўся ў народзе Усяядным, Усярадным, Сплашным. Звычайна гэтая сядміца суправаджалася снежнымі завірухамі, пра што ў народзе на пачатку тыдня гаварылі: «Ета Усяядная ў госці едзе!» А ў канцы тыдня — «Ета з гасцей Усяядная едзе!» Па надвор'ю гэтага тыдня вылічвалі, у які час лепей выходзіць на поле з сявенькаю: «Калі на Усяёднай нядзелі ідзець бальшая мяцель — сей авёс раньша, а мяцелі нет — сей авёс пазней. Да таго ж, калі пасеяць у той жа дзень, у які на Усяёднай была мяцеліца, то ў аўсе не будзе ніякай травы» (вятрыска нібы абяцаў садзьмуць з насення ўсё непатрэбнае). Прыглядаліся, у які дзень на Усяядным тыдні бывае павадак — у такі ж дзень тыдня вясною высявалі бульбу.
На дзевятым перадвелікодным тыдні, у суботу, напярэдадні мясапуснага тыдня, калі, згодна з праваслаўным календаром, адбываюцца памінкі па ўсіх памёршых продках, на Беларусі адзначалі Масленыя (зімовыя, Стрэчаньскія) Дзяды. Як і ва ўсе іншыя сезонныя Дзяды (на Радаўніцу, напярэдадні Сёмухі, увосень перад Змітравым днём), на Масленыя за памінальнай вячэрай збіралася ўся сям'я. Хаты і падворкі старанна прыбіраліся, на сталы падавалася вялікая (як правіла, няпарная) колькасць страў. Гаспадары імкнуліся належным чынам сустрэць душы продкаў, якія, верылася, злятаюцца ў дні агульнага памінання на свае колішнія сядзібы. На стол у шклянку з зернем ставілася запаленая свечка, для душ адкладвалася патроху ад усіх страў, адлівалася асобна і гарэлка. Пасля малітвы пачыналася «дзядоўская вячэра», на працягу якой стараліся весці сумныя размовы, успамінаць блізкіх і далёкіх родзічаў, што пакінулі гэты свет. Пасля заканчэння вячэры посуд са стала не прыбіраўся.
Наступны, восьмы тыдзень перад Вялікаднем зваўся мясапусным, або «сырнай сядміцай» (Масленіцай). Апошнія дні дазвалялася есці малочныя стравы.
Святкаванні на Масленічным тыдні («сырнай сядміцы») на Беларусі праводзіліся больш сціпла, чым у Расіі, але і ў нас сустракаліся цікавыя забавы. I дзятва, і моладзь коўзаліся з горак на санках, на высечаных на рацэ кавалках ільду. Чым даўжэй скоцішся — тым, думалася, даўжэй будуць летам лён і пянька. Дзеля гэтага нават спецыяльна насыпалі высокія горкі са снегу. У некаторых мясцовасцях сустракаўся звычай сярод маладых хлопцаў вазіць на Масленіцу павівальных бабак. Пэўна, такім чынам імкнуліся забяспечыць паспяховы працяг свайго роду ў будучым.
Мы на горачцы пабывалі, пабывалі,
Масленку сустракалі, сустракалі,
Сырам гару набівалі, набівалі,
Маслам гару палівалі, палівалі.
Мы думалі Масленкі — сем нядзелек, сем нядзелек,
Ажно Масленкі сем дзянёчкаў, сем дзянёчкаў!
Нас Масленка абманіла, абманіла:
На сем нядзель паста пасадзіла, пасадзіла.
Пасля Масленічнага тыдня пачынаецца Вялікі пост, які доўжыцца 7 тыдняў.
Наступны тыдзень пасля Масленіцы ў народзе называўся Ізбор (Ўзбор). Асабліва часта згадваецца ён у валачобных песнях: «Прыйшоў Ізбор — пагнаў снег з гор, снягі зганяець, воды пускаець, вада з гор, а рыбінка з нор». Лічылі таксама, што на Зборніцу ўсе залётныя птушкі збіраюцца за морам і адлятаюць у наш край.
Першая серада Вялікага посту — уступная серада. Дзе-нідзе у заходняй частцы Беларусі гаспадыні збіраліся на застоллі, весела балявалі і скакалі праз пень, пастаўлены пасярод хаты. Гаварылі, што як хто падскочыць, так высока ў таго лён вырасце. У гэты ж дзень мылі прадметы для прадзіва льну — верацёны і калаўроты. Рабілася гэта хутчэй за ўсё дзеля таго, каб лён улетку вырастаў чысты, без пустазелля.
Сярэдзіна Вялікага посту звалася ў народзе Серадапосце, Хрэсцы, Прапалоўны дзень. Па розных кутках Беларусі на гэты дзень гаспадыні выпякалі з цеста крыжы («храсты», «хрэшчыкі») і іншыя фігуры, часцей за ўсё ў выглядзе разнастайных прылад працы. «Хрэшчыкі» хавалі за абразамі, дзе яны ляжалі на працягу года і выкарыстоўваліся членамі сям'і пры розных выпадках: на пачатку гаспадарчых работ (напрыклад, пры заворванні, сяўбе, зажынках — каб быў добры ўраджай), у дзень запасвання гавяды, у час навальніцы або граду, пры пажары, паводках ці калі находзіў паморак. Верылі, што «храсты» засцерагаюць людзей ад усяго ліхога. Іх давалі дзецям, каб тых абыходзілі хваробы, з'ядалі іх, каб не балела у жніво сярэдзіна (нездарма пра яе рупіліся менавіта ў сярэдзіну посту). Жыхары надрэчных вёсак гаварылі, што ў дзень Серадапосніцы «шчупак хвастом лёд разбівае». Назіранне за надвор'ем у дзень, які дзяліў пост пароўну, давала магчымасць селяніну рабіць свае прадказанні. На Віцебшчыне цеплыня і пагода ў Прапалоўны дзень абяцалі неўраджай на ягады, грыбы і арэхі. Такі ж стан у заходніх раёнах Беларусі гарантаваў усё лета пагоднае, а дождж або снег, што ішлі там на Серадапосце, прымушалі настроіцца на мокрае лета.
Апошняя нядзеля перад Вялікаднем называецца Вербніцай (Вербнай нядзеляй). Паўсюдна па цэрквах асвячалі галінкі вярбы, імі сцябалі адзін аднаго. Сцебануўшы незнаёмага хлопца, дзяўчына пыталася ў яго імя, каб вываражыць імя будучага мужа. Паколькі асвячонай вярбе надаваліся гаючыя ўласцівасці, то яе захоўвалі ў сялянскай хаце. На Піншчыне калісьці, каб не балелі зубы, каб не было ліхаманкі, з'ядалі 9 вербных пупышак. Галінкай такой вярбы выганялі жывёлу на першы выпас. Маразы, што здараліся на Вербніцу, зваліся смаленскімі беларусамі«вербічамі». Лічылі, што яны неабходны менавіта ў гэты час, каб не прыйшло больш позніх маразоў, якія могуць пашкодзіць сяўбе і ўсходу яравых. Аздобленыя каляровымі засушанымі кветкамі, травамі, каласкамі і мохам галінкі вярбы (т. зв. «пальмы Віленскія» — яны вырабляліся каталіцкім насельніцтвам на Віленшчыне) імітавалі пальмы, з якімі народ сустракаў Хрыста пры яго ўездзе ў Іерусалім. Гэта хрысціянскае свята было прымеркавана да Вербніцы. «Пальмамі Віленскімі» ўпрыгожвалі дом, а таксама клалі іх на магілы блізкіх людзей.
Следам за Вербніцай пачынаецца перадвелікодны тыдзень («страстная седмица»). Той, хто ў Чысты панядзелак шчыра посціць (не есць і не п'е цэлы дзень), будзе, як прадказвалі на Віцебшчыне, паспяхова знаходзіць улетку птушыныя гнёзды. Гомельскія палешукі пазбягалі трымаць у хаце ў гэты панядзелак і аўторак хоць што нячыстае, каб на людзей і гавяду не напала парша.
Напяпэдадні Чыстага чацвярга клалі пад страху хлеб, соль і мыла. З тым хлебам на Юр'я выганялі жывёлу з хлява, соль у наступным выкарыстоўвалі як сродак ад сурокаў, а мылам назаўтра да ўсходу сонца мыліся ў лазні, каб быць чыстымі (здаровымі) цэлы год. Калі вынесены хлеб за ноч замярзаў, меркавалі, што і яравыя вымерзнуць. У Чысты чацвер абавязкова чысцілі і прыбіралі хату, падворак, мылі жывёлу, асабліва коней, каб былі дужымі. Хто адважыцца сам выкупацца ў палонцы ці вымыецца на досвітку ў лазні, кінуўшы ў пасудзіну серабро, той не будзе хварэць увесь год. Каровам, каб заставаліся малочныя, абмывалі вымя вадою, ,зачэрпнутай да ўзыходу сонца з месца зліцця двух ручаёў. На Чысты чацвер стараліся абавязкова што-небудзь пасеяць на полі ці ў агародзе — спадзяваліся, што і збажына вырасце чыстая, без пустазелля. Чакалі, што надвор'е Чыстага чацвярга павінна паўтарыцца на Вялікдзень, а затым і на Ушэсце (40-ы дзень пасля Вялікадня). Гаспадыням хацелася верыць, што ад дажджу ў гэты дзень каровы стануць даваць шмат малака. У некаторых кутках Усходняга Палесся пад вечар Чыстага чацвярга гатавалася вялікая вячэра з 12 посных страў, на якой паміналі родных памёршых. З вечара пачынаўся і працягваўся да самага наступлення Вялікадня строгі пост. У заходніх раёнах Беларусі ў апошнія тры дні перадвелікоднага тыдня жанчыны пакідалі прасці кужаль.
Пасеяны на Вялікую пятніцу хлеб, як перакананы на Віцебшчыне, не баіцца ні ветру, ні дажджу, ні граду. На Палессі ж гаварылі, што трэба ў Вялікую пятніцу сеяць гарох — ён вельмі добра зародзіць.
На Вялікую суботу яшчэ ў мінулым стагоддзі ў некаторых вёсках выконваўся абрад, які дайшоў з сівой даўніны: 12 дзяўчат, адзеўшы белыя кашулі, бралі саху і з малітваю праводзілі ёю баразну вакол сяла — гэтым хацелі як бы адмежавацца ад ўсяго ліхога на цэлы год. З прыходам хрысціянства ў Велікодную ноч пачыналася самае значнае свята праваслаўнай царквы — Уваскрасенне Хрыстова. Абавязкова трэба дачакацца паўночы, каб пачуць званы. У час усяночнай службы прыглядваліся, як гараць свечкі. Калі яны трашчаць — лета прыйдзе дажджлівае, з грамамі і маланкамі. Дождж у Велікодную ноч абяцаў да Сёмухі больш дажджоў, чым пагоды, а затым і халоднае лета; ціхае цёплае надвор'е варажыла на такое ж лета.
Вялікдзень. Няма больш любімай урачыстасці ў праваслаўных хрысціян, як Вялікдзень (Вялікадне, Вялічка) — свята Уваскрасення распятага Ісуса Хрыста. Здаецца, радасць святкавання распаўсюджвалася на ўсю жывую прыроду, якая паступова абуджалася ад зімовага сну. Казалі нават, што ад гэтага дня пачынаюць спяваць птушкі, а сонца на Вялікдзень, падымаючыся, «іграе» — раздвойваецца, разбягаецца, а потым зноў сыходзіцца. На чыстым ад воблакаў небе яно быццам абяцала добры ўраджай і шчаслівыя вяселлі.
Свята прыходзіла пасля доўгага 7-тыднёвага Вялікага посту.
«Свято Вялічка — з красным яічкам», — паведамляла народная песня. Напярэдадні свята ці на самым яго пачатку людзі неслі асвячаць у царкву самыя розныя стравы: пірагі, мяса, сала (казалі, што калі змазваць асвячоным салам рукі перад вялікай работай, то на іх ніколі не будзе трэшчын), сыр, соль і ў першую чаргу, вядома, яйкі, пафарбаваныя галоўным чынам у адвары шалупіння цыбулі ці кары дрэў, што надавала ім чырвоны колер (былі і «пісанкі» — яйкі, размаляваныя рознымі ўзорамі). Яйка пры асвячэнні раілася крышачку аблупіць, каб святасць лепш прайшла ў яго. Менавіта святочным яйкам разгаўляліся на Вялікдзень за ўрачыстым сталом. А перад гэтым, здаралася, прынёсшы яйка дадому з царквы, апускалі яго ў ваду, каб потым ёю памыцца і дзякуючы гэтаму быць здаровым, прыгожым і румяным увесь наступны год.
Самая любімая гульня на Вялікдзень — біткі. Стукаліся святочнымі яйкамі, і пераможцам аказваўся той, у каго яно заставалася цэлае («мацак»). Некаторыя шчасліўцы выйгравалі ажно поўную шапку чырвоных яек. Знаходзіліся і жартаўнікі, якія замест яек падстаўлялі пафарбаваны камень круглай формы і такім вясёлым падманам здабывалі перамогу. Улічваючы, што гэтае свята, як і іншыя, не абыходзілася без выпіўкі, катэгарычна забаранялася на Вялікдзень біцца з кім бы там ні было — за бойку страшылі градабоем на ўсю вёску. Такім чынам народная мараль стаяла на варце шануемага свята.
Гаварылі, што чужы чалавек, які трапіць на велікоднае застолле, мае здольнасць прыносіць шчасце ў гаспадарку. Першы дзень Вялікадня трэба было есці толькі асвячонае — гэта нібыта гарантавала, што ўлетку не ўкусіць змяя. Разгавеўшыся ў сваёй хаце, гаспадары не выкідалі рэштак страў са святочнага стала. Нешта прыхоўвалі, каб праз дзевяць дзён, на Радаўніцу, занесці на могілкі і «пачаставаць» блізкіх нябожчыкаў. Косткі і крошкі зберагаліся дзеля таго, каб у дзень сяўбы закапаць па краях свайго поля — ад гэтай ахвяры чакалі лепшага ўраджаю; альбо нават трымалі хлебныя крошкі да дня, калі новае збожжа звозілі з поля ў гумно. У народзе бытавала перакананне, нібыта нямытым велікодным абрусам варта абнесці полымя ў час пажару, і агонь спыніцца. А дзеля таго, каб улетку на садзе чарвякі не паяўляліся, на Вялікдзень вымяталі з печы попел і пасыпалі ім па ветру між дрэў.
Заціхлыя на доўгі час песні, гульні, забавы цяпер зноў абуджаліся. На Вялікдзень мужчыны і хлопцы збіраліся ў вялікія, чалавек да 10—20 гурты валачобнікаў, сярод якіх абавязкова прысутнічаў механоша, астатнія зваліся падхватнікамі, іх суправаджаў музыкант са скрыпкай, гармонікам ці дудой. Традыцыя велікоднага валачобніцтва захоўвалася, дарэчы, толькі на Беларусі. Валачобнікі абыходзілі ўсе мясцовыя двары, спыняючыся пад вокнамі кожнага дома, дзе спявалі шмат розных абрадавых песень, пераважна велічальнага зместу, услаўляючы гаспадара, яго руплівую працу, жадалі яму ўраджаю на ніве, прыплоду ў хляве, прыбытку ў хаце. Хвалілі валачобнікі і гаспадыню за яе працавітасць і розум. Добрыя словы гучалі ў адрас дзяцей.
Валачобнікі валачыліся,
Валачыліся, памачыліся,
Зайшлі ў хату, пасушыліся.
А ці дома, дома сам хазяін?
А калі дома — пакажыся.
Ды з хазяінам павіталіся,
Ды хазяюшку павесялілі,
Дабрашчасця ім нажываць.
А дарыце ж нас, не марыце ж нас,
Хоць па яечку ды па цэламу,
Хоць па стаканчыку ды па поўнаму.
Торба валачобнікаў ад хаты да хаты папаўнялася рознымі дарункамі — салам, каўбасамі, сырам і абавязкова чырвонымі яйкамі, галоўным знакам свята. Гурт дзякаваў за пачастунак, кпіў з гаспадароў, калі плата за песні здавалася малой, і ішоў далей. Пасля абыходу ўсіх двароў дзялілі між сабою заробленае. У народзе жыла непахісная вера, што валачобнікі спрыяюць ураджаю, дастатку ў сям'і і засцерагаюць ад нягод.
У гэты вясёлы дзень не абыходзілася і без выражбы. Каб даведацца, ці пойдуць на гэты год замуж, дзяўчаты спрабавалі пераскочыць цераз сані. Гаспадары, у якіх неўзабаве павінна была ацяліцца карова, чакалі, хто першы на Вялікдзень пераступіць парог хаты: калі жанчына — народзіцца цёлачка, а калі мужчына — то бычок. У некаторых мясцінах жанчыны бегалі навыперадкі, каб высветліць, якая з іх спраўней будзе жаць улетку. А каб не балела ў жніво сярэдзіна, жанчыне лічылася карысным злёгку падняць воз. Паляўнічы стараўся застрэліць на Вялікдзень хоць якую жывіну, каб потым яго стрэльба не давала промаху. Гэта ж дзеянне выконвалася і затым, каб ваўкі шкоды не рабілі.
З другога дня Вялікадня кожная сям'я наведвала сваякоў і суседзяў. I гэтыя завітанні ў госці працягваліся цэлы тыдзень, на які нічога не рабілі.
Відаць, таму, што на Велікодным тыдні ў царкве стаяць адчыненыя царскія вароты, у народзе перакананы: для ўсіх, хто памрэ ў гэты час, адчынены светлы рай, і іх душы ўвойдуць туды без перашкоды.
На Вялікдзень у народзе існавала багата прадказанняў надвор'я. Гаварылі, што адкуль вецер вее — адтуль ён будзе веяць і ўсё лета. Калі ясная і халодная пагода — значыць, летам будзе на садах поўна розных пладоў. Калі на гэтае свята дождж — то да Сёмухі трэба чакаць больш дажджоў, чым пагоды. I яшчэ адна прыкмета: якое надвор'е на Вялікдзень, такім яму быць і на Благавешчанне.
У паслявелікодную пару народ імкнуўся быць асабліва шчодрым і міласэрным. Жыла вера, што ад Вялікадня да Узнясення (Ушэсця) Ісус Хрыстос ходзіць па зямлі ў вобразе жабрака, і ніхто не адважваўся адмовіць тым, хто просіць міласціну. Нярэдка ў паўднёвых і цэнтральных раёнах Беларусі на Вялікдзень хадзілі памінаць родных нябожчыкаў на могілкі.
Градавая серада прыпадае на бліжэйшую сераду пасля Вялікадня. Нельга на яе было парушаць зямлі, каб град збожжа не выбіў. Дзеля большай надзейнасці некаторыя сяляне нават пасціліся ў гэты дзень ці абыходзілі палі з грамнічнай свечкай.
Пераважна ў чацвер Велікоднага тыдня (хоць сустракаліся і нязначныя адхіленні) на Палессі адзначаецца так званы Наўскі (Шопшы) Вялікдзень, або Вялікдзень мёртвых, калі жыхары выпраўляліся на могілкі, каб памянуць сваіх нябожчыкаў.
У розных кутках Беларусі ўвесь святы тыдзень напоўнены шматлікімі павер'ямі. Пазбягалі малоць, каб гэта не прывяло да сваркі жанчын у сям'і (маўляў, каб і яны лішне языкамі не малолі); не садзілі агарод, упэўненыя, што такія пасевы ніколі не бываюць удалыя; не забівалі калоў у зямлю, іначай, казалі, можна вярнуць назад маразы.
Другі пасля Вялікадня тыдзень пачынаецца з Фаміной (Хамовай, Правадной) нядзелі. Яна таксама мела свае павер’і. Некалі на Віцебшчыне ў гэту нядзелю пасля ўсходу сонца перакідвалі цераз страху велікоднае яйка, і калі яно, упаўшы, разбівалася на дробныя кавалкі, чакалі, што ў доме хтосьці памрэ на працягу года. Стараліся цэлы дзень не піць, не есці, каб не мучыла потым смага ў прыпарніцу. Увесь тыдзень нельга было снаваць кроснаў і г. д.
Часам панядзелак, які папярэднічае распаўсюджанаму памінальнаму дню Радаўніцы, называўся «жывая Радаўніца», і ў адрозненне ад наступнага за ім аўторка на яго раілася садзіць, сеяць, абразаць на дрэвах сукі.
У аўторак паслявелікоднага тыдня на большай частцы тэрыторыі Беларусі адзначаецца адзін з найбольш вядомых памінальных дзён — Радаўніца (Радуніцкія Дзяды). Пасля паўдня кожная сям'я ішла памінаць родзічаў спачатку ў царкву, а потым на могілкі, дзе прыводзіліся ў парадак магілы блізкіх (часам гэта рабілі напярэдадні, у панядзелак). Затым на насыпе, разаслаўшы абрус, пачыналі памінкі. Велікоднае яйка, крыху страў і гарэлкі пакідалі «для мёртвых». Галасілі, калі смерць блізкага была нядаўняя. Пасля могілак памінанне заканчвалася застоллем дома ці ў карчме, дзе паступова развейваўся сумны настрой. Вось чаму ў народзе казалі: «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць». У залежнасці ад мясцовых традыцый памінальны абрад на могілках мог адбывацца таксама на першыя пасля Вялікадня дні.
Паслявелікодная серада называлася сухою, таму, як і на «мёртвую Радаўніцу», пазбягалі сеяць, баючыся, што хлеб не стане расці, і нават не дакраналіся да насення. Наадварот, карысна было дакрануцца да харчовых запасаў, каб яны спажываліся не так хутка.
Наступны (трэці пасля Вялікадня) тыдзень насіў назву жанок-міраносіц, і пачынаецца ён з нядзелі, якая лічылася калісьці «бабскім святам». У гэты дзень жанчыны хадзілі з яечняю ў поле і там, з'еўшы яе, прыгаворвалі: «Дай, Божа, каб наш лён урадзіўся кужалем».
Дзень, які дзеліць папалам перыяд між Вялікаднем і Сёмухай, называецца Прапалавенне, ці Перапалаўная серада. У абедзвюх назвах чуецца «палавіна». Але ў народзе давалі і іншае тлумачэнне: «У гэты дзень Ісус Хрыстос купаўся і пераплыў цераз мора. Ад гэтага дня дазваляецца купацца да Іллі (2 жніўня)». На Прапалавенне раілі садзіць цыбулю, каб яна не была занадта горкая. Гаварылі, што дзікія птушкі вельмі пільнуюць у гэты дзень свае гнёзды, і таму іх лягчэй можна злавіць. Існавала павер'е, што калі прасушыць адзежу ў Перапалаўную сераду, якая таксама звалася сухою, знікне моль.
Царкоўнае свята Узнясенне, альбо па-народнаму Ушэсце (г. зн. ушэсце Божае на неба), адбывалася заўсёды на шостым тыдні пасля Вялікадня, у чацвер. Парушаць свята работаю баяліся пад пагрозай павер'я, што ў сям'і народзіцца шасціпалае дзіця. Гаспадыні абавязкова павінны былі пячы бліны: «Трэба Хрысту напекчы ануч, каб было ў што абувацца! Абуецца і пойдзе ўжэ ад нас па небу!» Пасля гэтага дня дзяўчаты пераставалі спяваць вяснянкі. На Ушэсце на Гомельшчыне праходзіў абрад «пахавання (ваджэння) стралы». Павадзіўшы карагоды, дзяўчаты і сталыя жанчыны браліся за рукі і доўгім шнурам з песнямі цягнуліся за сяло ў жыта. Там яны разыходзіліся паасобку і, хаваючыся, закопвалі ў зямлю якую-небудзь рэч: пацерку, пярсцёнак, каснічок і г. д. Здаралася, следам за дзяўчатамі беглі хлопцы і шукалі захаваныя рэчы. Па згадванню Ушэсця ў песнях можна адчуць, як няспынна ідзе рух у жывой прыродзе: «Святы Ушэснік — жыта выплываець... жытцо пучком, каленцам»; «Святы, Шоснік колас точыць... з шастом ходзіць, межы раўнуець». У прамежку паміж Ушэсцем і Сёмухай (заўсёды 10 дзён) нельга было ні снаваць кроснаў, ні ткаць, таму што, казалі, можна «заснаваць» неабходныя ў гэты час дажджы, затое гэта была пара сялянскай узаемадапамогі — талакою дапамагалі адзін аднаму вывозіць у поле гной.
Серада на сёмым тыдні пасля Вялікадня называлася на Піншчыне «крывою». Капусту, буракі і іншае насенне ў гэты дзень не садзілі, а то ўсё можа ўрадзіць крывое, малое, чарвівае.
У суботу напярэдадні свята Сёмухі адзначаўся чарговы памінальны дзень — летнія (Траецкія, Сёмушныя, Стаўроўскія) Дзяды, асабліва пашыраныя ў паўночнай і ўсходняй частцы Беларусі. У радзе раёнаў яны фактычна замяняюць Радаўніцу. Блізкі да лета час дазваляў прывесці магілу ў парадак, пасадзіць кветкі і памянуць нябожчыка. Даўней магілы прыбіраліся «маем» — аерам, кветкамі; прыносілі сюды зялёныя яйкі, пафарбаваныя ў адвары маладой зеляніны. Магілы замяталі бярозавымі галінкамі, жадаючы зрабіць мёртвым задавальненне, як ад лазні. У вокнах хат вывешвалі ручнікі, каб душы нябожчыкаў маглі пазнаць жытло сваіх родных. Там, дзе не было звычаю наведваць у гэты дзень могілкі, абмяжоўваліся традыцыйнай памінальнай вячэрай у хаце. З суботы на заўтрашняе свята двор і хату таксама ўпрыгожвалі «маем» — ссечанымі маладымі бярозкамі, клёнамі, іншымі дрэўцамі і зялёнымі галінамі; на падлозе слалі траву, аер; кветкамі прыбіралі абразы, сталы, вокны. Калі «май» не сох пэўны час, хаця б дні са тры, то чакалі мокрых сенакосаў.
Сёмуха (Тройца) — нядзеля, якою завяршаецца сёмы тыдзень пасля Вялікадня. Сярод каталіцкага насельніцтва часта яе называлі Зялёныя святкі, ці Зелянец. Нягледзячы на пераважна летнія тэрміны яе святкавання, Сёмуха знаменавала сабою развітанне з вясною: «На Зелянец вясны канец». З вясной найчасцей канчаліся і з.апасы хлеба ў селяніна, на што паказваў варыянт прыказкі: «На Зелянец — хлебу канец». Прыкмета Сёмухі ў полі — красаванне жыта. У гаспадарцы ж вакол яе замацоўваліся свае правілы і парады:«Святая Сёмуха навозы возіць». Напярэдадні свята, памыўшыся ў лазні, сеялі каноплі. Спявалі на Сёмуху траецкія песні.
Тройца, Тройца, свята Багародзіца,
Пасею жыта, да няхай зародзіцца.
Што зародзіцца, то для майго бацюхна,
Што не зародзіцца, то для майго свёкарка.
Саладок мядок, то для маёй матанькі,
А горка гарэлка, то для маёй свякоркі.
На параўнальна невялікай тэрыторыі паўднёвазаходняй часткі Беларусі існаваў на Сёмуху надзвычай цікавы абрад — Куст. Наламаўшы кляновых галін, дзяўчаты звязвалі тоўстыя іх канцы ніткамі — і «куст» гатовы. На яго надзявалі другі, меншага памеру («подкуст»), а на абраную дзяўчыну, якая павінна была насіць «куст»,— вянок з розных кветак. Затым дзяўчына залазіла ў звязаны «куст», як у мяшок, і ў такім уборы ішла на чале грамады дзяўчат па вёсцы з песнямі:
Прывялі куста зеляненькага клёну,
Дай нам, пане, хоць па залатому.
Дай нам, пане, тры барыла гарэлкі,
Прывялі куста да харошай дзеўкі.
Да не тут кусту стоем стаяці,
Трэба кусту піці-есці даці.
Пранёсшы «куст» некалькі разоў, яго разрывалі на вуліцы і спяшаліся падабраць лісты. Казалі, што яны надта памагаюць ад нарываў — дастаткова размачыць іх у вадзе і прыкласці да болькі. (Гаючымі ўласцівасцямі зажыўлення ран надзяляліся таксама кляновыя лісты траецкага «маю».) З зелянінаю на Сёмуху варажылі. Вяскоўцы, часта з добрай закускай, ішлі надвячоркам у гай, дзе дзяўчаты, а зрэдку і замужнія кабеты завівалі галінкі бяроз накшталт вянка ці наміткі. Колькасць вянкоў адпавядала колькасці блізкіх людзей, пра будучы лёс якіх задумвала жанчына. Кожны вянок прызначаўся для пэўнай асобы: бацькі, маці, сястры, мужа, дзяцей. (На Палессі дзяўчаты завівалі вянкі адпаведна колькасці сваіх ухажораў.) Праз тыдзень ішлі правяраць захаванасць вянкоў: калі тыя заставаліся свежымі — абяцалася шчасце задуманаму чалавеку, калі ж былі засохлымі — значыла, што век яго будзе кароткі. Развіваць вянкі лічылася абавязковым, каб дрэва не пракляло дзеўку за неразвіты вянок. Часта дзяўчаты спляталі вянкі на жаніхоў і на сваю долю з гаючых і чарадзейных траў, якія і складалі сілу вянкоў. Да гаючых траў адносілі букавіцу, палын, любісцік, аер і інш., а з дрэў — чаромху і бярозу.
Назаўтра пасля Сёмухі адзначаўся дзень сашэсця Святога Духа. Калі Сёмуху ўмоўна можна лічыць апошнім днём вясны, то наступны за ёю дзень гэтак жа ўмоўна можна прызнаць за першы дзень лета, на самым пачатку якога прыкмета-прыказка папярэджвала: «Да Святога Духа не скідай кажуха, а па Святым Дусе — у тым самым кажусе», маўляў, лета летам, а берагчыся ад халадоў не зашкодзіць. Існаваў і больш аптымістычны прагноз: «На Духа будзець цёпла і суха».
З дня Святога Духа пачынаўся Русальны тыдзень (часам ён называўся «крывым» і меў тыя ж забароны, што і згаданая вышэй «крывая» серада). Менавіта русалкі — міфічныя істоты, што паходзяць, згодна з паданнямі, ад тапельцаў і нехрышчоных душ, пануюць у гэты тыдзень на зямлі, то хаваючыся ў жыце, лесе ці балоце, то выходзячы апоўначы на бераг ракі і гушкаючыся на галінах дрэў. Злавіўшы чалавека, які па неасцярожнасці наведваўся ў іх уладанні, русалкі маглі заказытаць сваю ахвяру да смерці, таму, паводле народнага пераканання, хадзіць у лес альбо купацца на Русальным тыдні было вельмі небяспечна. Каб задобрыць русалак, у народзе праводзілі розныя святкаванні. Калісьці ў Гомельскім павеце дзяўчаты выбіралі са свайго гурту «русалку» і пад вечар з песнямі ішлі за вёску, дзе разам з хлопцамі раскладвалі вогнішча, у якое скідалі з галоў вянкі і разбягаліся ад страху, што іх заказычуць русалкі. Ад таго даўняга абраду захавалася ў народнай памяці шмат песень:
Правяду русалку, правяду,
Да й асінкаю заламлю,
Каб тая русалка
Па жыце не хадзіла,
Майго жыта не ламіла.
Маё жыцейка дробнае,
Да ў каласкі буйнае.
Аўторак Духавага тыдня на Пінскім Палессі меў сваю адметнасць. Услед за Вялікаднем і так званым «Вялікаднем мёртвых» (ушанаваннем нябожчыкаў на могілках) гэты дзень у народзе звалі «Конскім вялікаднем»: коней не бралі на работы, а на канюшнях вешалі свечкі за іх здароўе. Святы верных памочнікаў земляроба адзначаліся і ў іншыя дні года.
Першая серада пасля Сёмухі (як і тая, што ішла за Вялікаднем) звалася Градавай. На яе не працавалі, каб не наклікаць град на свае палеткі.
Чацвер Траецкага тыдня меў назву «сухі». На Гомельшчыне, каб не было летам засухі, маладыя людзі, хай сабе і жанатыя, лічылі за абавязак абліваць у гэты дзень адзін аднаго вадою.
У суботу Траецкага тыдня, напярэдадні Пятроўскага посту («Пятровіцы»), на Случчыне праводзілі летнія Дзяды.
У нядзелю, праз тыдзень пасля Сёмухі, адбываліся заговіны на Пятроўскі пост.
Праз 10 дзён пасля Тройцы, у чацвер, католікі адзначаюць свята Божага Цела.
Чацвер дзевятага тыдня пасля Вялікадня зваўся ў народзе Дзевятнікам. Часам на яго забаранялася працаваць, каб не выклікаць засуху. Католікі і уніяты святкавалі Дзевятнік у гонар Цела Божага і праводзілі хрэсны ход з вялікімі цырымоніямі.
Царква прыстасавала ў свой час на Дзевятнік урачыстасць у памяць уз'яднання беларускіх уніятаў з праваслаўнай царквою. На полі, дзе ўжо адкрасоўвала жыта, пачынала ў каласах налівацца зерне: «Святы Дзевятнік краску здымаець, пятку становіць, жыта раўнуець, наліваець».
Пятніца дзесятага паслявелікоднага тыдня мела назву «Дзесятуха». У гэты дзень асцерагаліся не столькі засухі, колькі маланкі. На Віцебшчыне казалі: «Хто стане сеяць хлеб у дзесятую пяцінку пасля Вялікадня, у таго ён не будзе радзіць роўна дзесяць гадоў». У народных песнях гэты дзень звязваўся з больш познім станам жыта ў полі: «Дзесятуха ядро ўкладаець»; «Дзесятка — жыту пятка»; «Дзесятуха зярно поўніць» і нават «Дзесятуха — жыта паспявае».
Дзе-нідзе пятніцу адзінаццатага паслявелікоднага тыдня называлі Адзінаццатухай. Яна суправаджалася багатымі кірмашамі.